Баранавіцкія прадпрымальнікі будуць пратэставаць стыхійна
- 28.02.2008, 16:22
Баранавіцкі гарвыканкам (Берасцейская вобласць) адмовіў індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) у правядзенні сходу 1 сакавіка на кааператыўным рынку горада.
Як паведаміў БелаПАН сябар каардынацыйнай рады Баранавіцкага кааператыўнага рынку Мікола Чарнавус, ліст з просьбай дазволіць правесці сход ІП адправілі ў гарвыканкам 21 лютага. 27 лютага была атрыманая адмова.
У адказе з гарвыканкама, па словах М.Чарнавуса, гаворыцца, што "заява пададзеная ў парушэнне патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах". М.Чарнавус, адзначыў, што на сходзе ІП хацелі абмеркаваць сваё далейшае існаванне, а таксама пытанні падвышэння арэнднай платы за гандлёвыя месцы і павелічэнне стаўкі адзінага падатку.
Нагадаем, што незадоўга да гэтага баранавіцкія прадпрымальнікі пісалі такі ліст-заяўку на падаванне ім залы для правядзення агульнага сходу. У той раз яны прасілі таксама запрасіць прадстаўнікоў улады на сустрэчу з ІП. Аднак гарвыканкам ім таксама адмовіў, спаслаўшыся на "немэтазгоднасць правядзення такога мерапрыемства".
"Вельмі шкада, што ўлады не хочуць весці дыялог з прадпрымальнікамі. Такім чынам, яны змушаюць нас да стыхійных дзеянняў і мерапрыемстваў", – падкрэсліў М.Чарнавус.