BE RU EN

Цэны на прадукты будуць расці штомесяц

  • 29.02.2008, 11:42

У Беларусі з 25 лютага падвышаныя закупныя цэны на малако на 10%, мяса – на 5%, тлустая свініну – на 3%. Але афіцыйнае агенцтва БелТА паведаміла пра гэта толькі сёння.

Са слоў намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Савельева, адпаведная пастанова была прынятая Міністэрствам эканомікі. Аднак падвышэнне адпускных цэн будзе адбывацца штомесяц, як сцвярджае намеснік міністра, на 1,5-2% у месяц.

Паводле яго слоў, павелічэнне адпускных цэн вельмі неабходнае перапрацоўчым прадпрыемствам, каб падтрымліваць рэнтабельнасць. У гэтым звязку Міхаіл Савельеў падкрэсліў, што патрэбныя новыя, больш эфектыўныя меры кампенсавання выдаткаў на вытворчасць.

Улічваючы, што з 2008 года скасаваныя надбаўкі да закупных цэн, будзе працягнутая далейшае падвышэнне цэн да ўзроўню сумежных дзяржаў. Напрыклад, у суседніх дзяржавах цэны на жывёлагадоўчую прадукцыю ўжо выраслі ў 2-4 разы, сцвярджае службовец Мінсельгаспроду, мабыць, разумеючы пад сумежнымі дзяржавамі Расею, бо ў астатніх сумежных з Беларуссю краінах цэны на прадукты ніжэйшыя за беларускія.

Дарэчы, цяперашняе падвышэнне цэн на жывёлагадоўчую прадукцыю дазволіць атрымаць цягам года каля Br310 млрд. дадатковай выручкі, у той час як дэфіцыт сродкаў на развіццё АПК, у тым ліку і на правядзенне засеўкаў, складае звыш як Br1,1 трлн. Пры гэтым службовец аргументуе дэфіцыт ростам цэн на мінеральныя ўгнаенні, паліва і тэхніку, а таксама закупляныя кармы, якія ўтрымліваюць бялкі.

Аднак Беларусь сама з'яўляецца экспарцёрам мінеральных угнаенняў і сельгастэхнікі і ад падвышэння цэн на гэтую прадукцыю бюджэт краіны толькі папаўняецца. Таму варта меркаваць, што цэны на прадукты харчавання, якія робяцца ў краіне, растуць у першую чаргу ад захавання «савецка-калгаснай» сістэмы вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, састарэлага абсталявання ў большасці гаспадарак і адсутнасці канкурэнцыі ў выглядзе прыватнай фермерскай гаспадаркі.

Апошнія навіны