BE RU EN

У Беларусі забароняць паліць на вуліцы

  • 4.02.2008, 9:36

У месцах масавага знаходжання людзей у Беларусі (парках, скверах, зонах адпачынку, арганізацыях грамадскага харчавання, гасцініцах) будуць створаныя строга абмежаваныя пляцоўкі для палення.

Такая пастанова змешчаная ў плане мерапрыемстваў па правядзенні ў 2008 годзе Года здароўя. Гэтае рашэнне прынятае пастановай Савета Міністраў №113, перадае БелТА.

Дакумент распрацаваны ў мэтах замацавання і развіцця станоўчых тэндэнцый у дынаміку медыка-дэмаграфічных паказчыкаў і далейшага паляпшэння паказчыкаў стану здароўя, падвышэння іміджу здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва краіны.

Як паведамілі карэспандэнту БелТА ў Міністэрстве аховы здароўя, першы падзел плану прадугледжвае ажыццяўленне мэтанакіраванай прапаганды здаровага ладу жыцця ў СМІ, арганізацыю і правядзенне розных спецыялізаваных мерапрыемстваў, міжнародных і агульнанацыянальных Дзён здароўя, кірмашоў здароўя ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях.

Асартымент і колькасць тавараў народнага спажывання з сімволікай здаровага ладу жыцця павінны быць пашыраныя на 5%. У месцах масавага знаходжання людзей (парках, скверах, зонах адпачынку, арганізацыях грамадскага харчавання, гасцініцах) будуць створаныя строга абмежаваныя пляцоўкі для палення. Акрамя таго, запланаванае распрацаваць і асвоіць новыя віды дыетычных кісламалочных прадуктаў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, мясных і садавінагародніных кансерваў, кісламалочных і сухіх малочных прадуктаў для дзяцей ранняга ўзросту, павялічыць аб'ёмы вытворчасці садавінагародніных сокаў.

Апошнія навіны