BE RU EN

Беларускія вытворцы маюць цяжкасці на расейскім рынку

  • 4.02.2008, 13:54

Беларускія прадпрыемствы маюць сур'ёзныя цяжкасці пры рэалізацыі прадукцыі праз маскоўскія гандлёвыя сеткі. Пра гэта заявіў журналістам дарадца-пасланец амбасады Беларусі ў Расеі Валеры Садоха падчас адкрыццяў у Маскве выставы-кірмаша "Зробленае ў Беларусі".

Па словах дыпламата, ад усіх прадпрыемстваў, якія намерваюцца прадаваць сваю прадукцыю праз буйныя гандлёвыя арганізацыі Масквы, апошнія патрабуюць штогадовую аплату. Яе памер можа даходзіць да дзесяткаў тысяч даляраў. Для пераважнай большасці беларускіх вытворцаў такія ўмовы з'яўляюцца непрымальнымі, паведамляе БелаПАН.

"Калі б маскоўскія гандлёвыя сеткі пайшлі насустрач беларускім таваравытворцам, масквічы мелі б больш магчымасцяў купляць якасныя беларускія прадукты харчавання, якія сертыфікаваныя па еўрапейскіх стандартах", – адзначыў дыпламат.

Як паведаміў журналістам В.Садоха, Беларусь у 2007 годзе паставіла на расейскі рынак харчавання на 1 млрд. даляраў. Разам з тым перад вытворцамі ставіцца задача падвысіць эфектыўнасць экспарту. Гаворка ідзе пра паступовае скарачэнне паставак сыравіны — ялавічыны, свініны, птушкі на карысць гатовай прадукцыі — мясных і каўбасных вырабаў, расфасаваных малочных прадуктаў і інш.

Выстава-кірмаш "Зробленае ў Беларусі" праходзіць з 2 па 4 лютага ва Усерасейскім выставачным цэнтры. Апроч гандлю выстава-кірмаш мяркуе і заключэнне кантрактаў на пастаўку беларускай прадукцыі маскоўскім спажыўцам. У выпадку поспеху цяперашняга мерапрыемства арганізатары маюць намер праводзіць іх ва УВЦ двойчы на год.

Апошнія навіны