Прадпрымальнікі адчулі «смак пераменаў» і пазбаўляюцца бізнесу?
- 8.02.2008, 14:28
Ужо месяц прадпрымальнікі працуюць у новых умовах. Прынамсі, тыя, якія дзеля захавання сваёй справы вымушаныя былі памяняць статус з індывідуальнага прадпрымальніка на юрыдычную асобу.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адчуваюць сябе бізнэсоўцы, якія перарэгістраваліся ў ЧУП.
Прадпрымальніца Тамара ўжо са студзеня працуе ў новым статусе. Па яе словах, прадпрыемства ідзе ў мінус і, хутчэй за ўсё, ёй давядзецца закрыцца:
“Зараз мы з бухгалтарам закрываем месяц… Падаткі – вар’яцкія, у разы тры-чатыры павялічацца. Калі ў бліжэйшы час нічога не зменіцца — закрыюся… Мне такія ЧУПы не трэба. Буду шукаць штосьці іншае”.
Па падліках прадпрымальніцы, за месяц яна губляе каля 400 долараў — гэта калі падлічваць толькі падаткі:
“Нават калі я прыкіну па мінімуме, то ў мяне менш за мільён не атрымаецца. А мільён – гэта дзесьці 470 долараў. Гэта цяпер я павінна заплаціць, калі я раней плаціла 65 еўра. Што застанецца мне? Мне нічога не застаецца. Я іду ў мінус”.
Акрамя грашовых стратаў прадпрымальніца скардзіцца і на ўмовы працы, якія таксама пагоршыліся. Працаўнікоў не хапае, даводзіцца рабіць усё самой, бо каб наняць, напрыклад, бухгалтара, трэба выдаткаваць яшчэ 1000 долараў у месяц, а такіх грошай няма. Да таго ж прыбавілася валакіты з паперамі. Тамара кажа, што яна не адна такая, і што многія хутка закрыюць свае ЧУПы:
“Нерэнтабельна атрымліваецца. Калі ў цябе менш за тры кропкі, дык зусім няма сэнсу…”
У прадпрымальніка Сяргея пяць гандлёвых кропак, але і ён думае пра тое, каб “прыдумаць штосьці іншае”. З 1-га лютага прадпрымальнік працуе як ЧУП. Прайшло ўсяго некалькі дзён, але змены ён ужо адчуў добра:
“Я закапаўся ў паперах… Няма часу займацца іншымі справамі. У мяне пяць гандлёвых кропак. Значыць, пяць прадаўцоў, кіроўца, ну і я — дырэктар. Ужо сем. Трэба яшчэ бухгалтара браць – гэта ўжо восем. А абароты, гэта значыць валавая выручка, у мяне засталіся такія ж, як былі, калі я быў простым прадпрымальнікам”.
Падатак, кажа Сяргей, павялічыцца мінімум у два разы, таму працаваць далей наўрад ці атрымаецца:
“Калі застануцца старыя абароты, якія былі ў мяне раней, то падатак павялічыцца ў два разы. Я ўвогуле планую дыверсіфікаваць свой бізнес. Буду адыходзіць ад гандлю”.
А вось прадпрымальнік Аляксандр Давідовіч, які займаецца вытворчасцю пліткі, добраахвотна зарэгістраваў ТАА. Ён кажа, што зрабіў бы гэта незалежна ад 760-га ўказа:
“У мяне вытворчасць, таму трыма чалавекамі, якія былі ў мяне ў ІП, я не спраўляўся. Таму, быў бы указ 760-ты ці яго не было б, я б усё роўна перарэгістраваўся. У мяне няма іншага выйсця. Мне трэба 15 чалавек, каб развівацца далей.
Калі робіш плітку і маеш усяго толькі тры чалавекі, то атрымліваецца, што абсталяванне прастойвае і плошчы прастойваюць. Таму ў мяне была такая патрэба і без гэтага ўказа”.
Справа ў тым, што, калі ты займаешся вытворчасцю, кажа Аляксандр, то працаваць як індывідуальны прадпрымальнік – цяжка. Але што тычыцца гандлю, то там наадварот.