BE RU EN

Ізраільскі бізнэс не будзе інвеставаць у Беларусь

  • 10.03.2008, 8:31

Ізраільска-беларускія эканамічныя стасункі знаходзяцца не на належным узроўні. Такое меркаванне выказаў першы сакратар амбасады Ізраіля ў Беларусі Ігаль Койфман.

Дыпламат выступіў 9 сакавіка ў Менскім габрэйскім супольным доме ў рамках праграмы Дня габрэйскіх ведаў "Хеврута" (з іўрыту – "навучанне ў пары").

Прадстаўнік Амбасады Ізраіля адзначыў, што з ізраільскага боку адсутнічаюць нейкія палітычныя альбо дзяржаўныя перашкоды для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. "Мы падпісалі з гэтай краінай 14 пагадненняў, у тым ліку і эканамічнага характару, ратыфікаваных парламентамі Ізраіля і Беларусі. На жаль, пакуль Беларусь не з'яўляецца самым цікавым месцам для ізраільскіх бізнэсмэнаў, у якіх вельмі шмат альтэрнатыў для інвестыцый", – сказаў І.Койфман.

Ён паведаміў, што 24 сакавіка чакаецца візіт у Ізраіль беларускай дэлегацыі на чале з міністрам эканомікі Мікалаем Зайчанкам.

У сваю чаргу консул амбасады Асаф Браха адзначыў: для таго каб упэўніць ізраільскіх прадпрымальнікаў інвеставаць грошы ў нейкай краіне, неабходна прапанаваць тое, што ім не могуць прапанаваць у іншым месцы. "Мы вельмі спадзяемся, што ў недалёкай будучыні ў Беларусі з'явяцца такія прапановы", — сказаў дыпламат.

Апошнія навіны