КДБ нарэшце зацікавіўся фашыстамі
- 10.03.2008, 14:33
Супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці вядуць следства па даручэнні Генпракуратуры, у якую са скаргай на дзеянні расейскай фашысцкай арганізацыі РНЕ ў Віцебску звярнуўся праваабаронца Леанід Левін.
Днямі ва Упраўленне КДБ Віцебскай вобласці былі выкліканыя Уладзімір Базан, рэдактар незарэгістраванага выдання «Курьер из Витебска», і Барыс Хамайда, адзіны ў горадзе распаўсюднік недзяржаўнай прэсы, піша прэс-служба БАЖ.
Высветлілася, што супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі зацікавіліся лістамі з пагрозамі ад віцебскага аддзялення «Рускага нацыянальнага адзінства», якія Базан і Хамайда атрымалі яшчэ на пачатку студзеня 2008 году.
Такія ж пасланні ад імя РНЕ яны атрымлівалі і раней. Два гады таму Уладзіміру Базану, які тады быў рэдактарам недзяржаўнай газеты «Витебский курьер», нацысты пагражалі расправай за публікацыю некаторых артыкулаў. Барысу Хамайду і яшчэ траім сябрам КХП БНФ пагрозы ад РНЕ прыйшлі ў ліпені мінулага года.
Усяго на працягу двух апошніх гадоў лісты ад РНЕ атрымалі сем віцебскіх актывістаў, сярод якіх аказалася загадчыца літаратурай дзіцячага лялькавага тэатру Вікторыя Дашкевіч. Пяцёра адрасатаў РНЕ звярталіся са скаргамі ў пракуратуру, аднак безвынікова.
Алена Залесская, на той час (ліпень 2006 г.) кіраўніца Вцебскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай парты, напісала скаргу ў КДБ. У хуткім часе яна атрымала адказ з подпісам начальніка ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці Уладзіміра Палешчука, у якім вялося, што «арганізацыя Рускае нацыянальнае адзінства на ўліку ў Міністэрстве юстыцыі і ўпраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама не стаіць», і што «асобаў, якія лічаць сябе прыхільнікамі фармавання РНЕ, на тэрыторыі Віцебскай вобласці не выяўлена».