За экс-кіраўніка «Белнафтахіма» ўступіўся ўладыка Філарэт
- 11.03.2008, 8:32
Судовы працэс над экс-кіраўніком «Белнафтахіма» Аляксандрам Бароўскім цягнецца ўжо месяц.
Спачатку заслухалі галоўных сведак. А цяпер адвакаты далучылі да справы некалькі лістоў. Былыя калегі па заводзе «Белшына» ўспомнілі будаўніцтва Бароўскім сацыяльнага жылля, выдатны дзіцячы лагер, разнастайную дапамогу і падтрымку, паведамляе «КП в Беларуси».
Яшчэ калі Аляксандр Бароўскі чакаў суду ў СІЗА КДБ, Аляксандру Лукашэнку пісалі лісты высокія царкоўныя чыны.
– …Да мяне звярнуліся вернікі горада Бабруйска… з прашэннем аб заступніцтве, –зачытаў адвакат Бароўскага ліст Мітрапаліта Менскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі ўладыкі Філарэта. – Бароўскі нам вядомы як уважлівы і спагадны чалавек. Ён не пакідаў без адказу просьбы жыхароў Бабруйска. І істотна дапамог у аднаўленні найстаражытнейшага храма горада – гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспублікі Беларусь, які 40 гадоў выкарыстоўваўся як плавальны басейн. З гэтым храмам звязаныя лёсы шматлікіх гараджан. У гэтым храме яны жагналіся, бралі шлюб, праводзілі ў апошні шлях сваіх блізкіх.
Гаворка ідзе пра Свята-Мікольскі храм, збудаваны ў канцы XIX стагоддзя ў Бабруйску. Пры савецкай уладзе ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя да царквы прыбудавалі трохпавярховы бетонны корпус.
– Нам вядома, што Бароўскі не зусім здаровы. Напярэдадні арышту ён знаходзіўся на стацыянарным лячэнні. І далейшае знаходжанне ва ўмовах ізаляцыі можа негатыўна адбіцца на яго здароўе. Гэтыя акалічнасці падахвочваюць нас звярнуцца да вас, паважаны Аляксандр Рыгоравіч, з просьбай выявіць у дачыненні Бароўскага літасць, даўшы магчымасць знаходзіцца дома, у кругу сям'і да высвятлення ўсіх акалічнасцяў справы, – гаворыцца ў звароце Філарэта.