Афіцыйны Менск дапамагае калумбійскім баявікам?
- 11.03.2008, 12:55
У Нью-Ёрку ўзяты пад варту саўдзельнік Віктара Бута 46-гадовы грамадзянін Вялікабрытаніі Эндру Смулян. Яго падазраюць у тым, што ён разам з раней затрыманым у Тайландзе «гандляром смерцю» Віктарам Бутам планаваў прадаць буйную партыю зброі баявікам Рэвалюцыйных Узброеных Сілаў Калумбіі (РУСК).
Смулян з'явіўся па позве ў магістратурны суд Манхэтэна. Там ён і быў арыштаваны. Ім пакуль не былі распачатыя спробы вызвалення пад заклад. Смулян не прызнаў сябе вінаватым у падтрымцы РУСК, якія ў ЗША лічацца тэрарыстычнай арганізацыяй. Пракуратура патрабуе для Смуляна 15 гадоў турмы.
«У выпадку з РУСК, якія відавочна існуюць не самі па сабе, а пры падтрымцы Венесуэлы, Эквадора, не выключана, што таксама Беларусі і Расеі, у Амерыцы зразумелі, што вайсковымі аперацыямі, якія ўвесь час праводзіць урад Калумбіі, перамагчы баявікоў вельмі праблематычна. Таму ЗША спрабуюць дапамагчы Калумбіі абясшкодзіць іх рэсурсамі. То бок, іх адсутнасцю. А які ў баявікоў галоўны рэсурс? Гэта, вядома, зброя», – каментуе навіну эксперт партала «Еўразія» Уладзімір Нікіцін.
Нагадаем, сам Віктар Бут, які атрымаў мянушку "гандляр смерцю", быў затрыманы на мінулым тыдні ў Тайландзе. ЗША завочна абвінавацілі яго і Смуляна ў злачыннай змове з мэтай пастаўкі пераносных ракетна-зенітных комплексаў класа (ПЗРК) "зямля-паветра" баявікам РУСК. Цяпер амерыканскія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Бута ў ЗША.