BE RU EN

ЕЗ мае намер паляпшаць стасункі з Украінай

  • 11.03.2008, 17:10

Еўразвяз здаволены ходам дэмакратычных перамен ва Украіне. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Славеніі, якая старшынствуе ў ЕЗ, Дзімітрый Рупел на прэс-канферэнцыі па выніках міністэрскай сустрэчы ЕЗ–Украіна. Украінскі бок на гэтай сустрэчы прадстаўляла прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка.

Па словах міністра, перадае ІТАР-ТАСС, "сёння была дадзеная ўсебаковая ацэнка трохгадовага перыяду рэалізацыі Плану дзеянняў Украіна–ЕЗ". Гэты дакумент быў падпісаны ў лютым 2005 г, яго цэнтральная задача ў садзейнічанні працэсу дэмакратычных перамен ва Украіне.

"Дзякуючы гэтаму плану атрымалася значна актывізаваць увесь комплекс дэмакратычных рэформ, падвысіць палітычную актыўнасць насельніцтва, спрыяць стварэнню незалежнай судовай сістэмы і незалежных СМІ. Украіна прадэманстравала надзвычай высокую эфектыўнасць у рэалізацыі Плану дзеянняў", – заявіў у гэтай сувязі намеснік генеральнага дырэктара Еўракамісіі па міжнародных справах Х’юга Мангарэллі.

У сваю чаргу, Ю.Цімашэнка адзначыла, што "ўпершыню штогадовая ацэнка вынікаў рэалізацыі Плану дзеянняў была дадзеная не з боку Еўрапейскага Звязу, а была праведзеная сумесна з еўрапейскім і ўкраінскім бакамі". Яна падкрэсліла, што Украіна і ЕЗ прынялі рашэнне падоўжыць гэты план дзеянняў яшчэ на адзін год з мэтай замацавання поспехаў, "дасягнутых на ўсім спектры двухбаковага супрацоўніцтва".

Па словах прэм'ер-міністра Украіны, сёння ў Брусэлі абмяркоўваліся таксама пытанні стасункаў Украіны і ЕЗ з Расеяй, Беларуссю, Малдовай і праблематыка Косава.

Апошнія навіны