BE RU EN

Прафсаюзы патрабуюць пакараць вінаватых у міліцэйскім «пагроме»

  • 12.03.2008, 10:16

Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) звярнуўся да міністра ўнутраных спраў РБ Уладзіміра Навумава з патрабаваннем разгледзець факты парушэння закона, здзейсненыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў 9 сакавіка ў офісе прафсаюзнага цэнтра, даць ім прынцыповую ацэнку і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Падзеі, якія адбыліся 9 сакавіка, БКДП кваліфікуе няйначай як умяшанне ва ўнутраныя справы прафсаюзаў.

«Як Вам павінна быць вядома, праблема парушэнняў правоў прафсаюзаў у Беларусі з'яўляецца прадметам пастаяннага разгляду з боку розных міжнародных структур. Еўрапейскі Звяз (ЕЗ) летась з гэтай прычыны пазбавіў краіну гандлёвых прэферэнцый. Таму тое, што адбылося, мы разглядаем не толькі як парушэнне закона і Канстытуцыі краіны, пад абаронай якіх знаходзяцца офісы прафсаюзаў, але і як адкрытую правакацыю, якая ніяк не спрыяе нармалізацыі стасункаў урада Беларусі з Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і ЕЗ, вяртанню ў краіну гандлёвых прэферэнцый», – гаворыцца ў лісце БКДП на імя міністра Навумава.

Нагадаем, у нядзелю, 9 сакавіка, прыкладна ў 13.30, у офіс БКДП уварваліся каля 10 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Дзверы ў офіс была зачыненая, але людзі ў міліцэйскай форме, форме спецназу і ў цывільным патрабавалі іх адчыніць, у адваротным выпадку пагражаючы яе выламаць.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў сцвярджалі, што да іх паступіў сігнал ад жыхароў дому, дзе размешчаны офіс БКДП, якія нібыта скардзіліся на тое, што з вокнаў памяшкання выкідваецца смецце – паперы і бутэлькі. Яны настойвалі на тым, каб прысутныя ў офісе 32 маладыя актывісты Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ) прайшлі ў аддзяленне міліцыі.

Намеснік старшыні БКДП Мікалай Канах прыбыў у офіс як раз у самы разгар. Ён заявіў прадстаўнікам міліцыі, што яны грубейшым чынам парушылі закон, уварваўшыся ў офіс прафсаюзнай арганізацыі без санкцыі пракурора або рашэння суду. Ён таксама сказаў ім, што тут праходзіць запланаванае прафсаюзнае мерапрыемства і ўсе прысутныя з'яўляюцца сябрамі незалежных прафсаюзаў, уваходных у БКДП – СПБ і СПМ.

Мікалай Канах прапанаваў правесці працэдуру высвятлення асоб маладых людзей, калі ў гэтым узнікла неабходнасць, наўпрост у офісе, але супрацоўнікі міліцыі адмовіліся і павезлі іх у аўтазаках. Выходзячы з офіса Мікалай Канах спецыяльна абышоў вакол будынку і ніякага смецця не знайшоў.

Усіх затрыманых маладых прафсаюзных актывістаў даставілі ва УУС Адміністрацыі Ленінскага раёна г.Менска, дзе пратрымалі некалькі гадзін. Усталяваўшы асобы, пасля 16.00 маладых людзей пачалі выпускаць.

Апошнія навіны