BE RU EN

Улады Беларусі патрапілі ў спіс «ворагаў Інтэрнэту»

  • 13.03.2008, 8:34

Кіраўніцтва Беларусі патрапіла ў спіс «ворагаў Інтэрнэту», складзены міжнароднай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў».

«Рэпарцёры без межаў» абвясцілі 13 дзяржаў, дзе дзейнічае цэнзура ў сетцы: Беларусь, В'етнам, Егіпет, Іран, Кітай, КНДР, Куба, М'янма, Саудаўская Аравія, Сірыя, Туніс, Туркменістан, Узбекістан.

У Беларусі і Узбекістане апазіцыйныя сайты «закрываюцца або знікаюць з Інтэрнэту (блакуюцца) на час выбараў і іншых буйных палітычных падзей, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў». У Кітаі і В'етнаме свабода віртуальных стасункаў нярэдка прыводзіць да цалкам рэальных турэмных тэрмінаў – да 12 гадоў. Паплаціцца свабодай рызыкуюць не толькі аўтары і падпісанты сеткавых зваротаў апазіцыі, але і блогеры, якія дапусцілі рэзкія выказванні ў адрас службоўцаў у асабістых інтэрнэт-дзённіках. У Кітаі за антыдзяржаўныя заклікі ў Інтэрнэце за кратамі знаходзяцца 52 чалавекі. Адзін з іх, Гуо Фэйсюнь, памёр у зняволенні ў студзені 2008 г. У В'етнаме ў траўні 2007 г. за негатыўныя выказванні ў Інтэрнэце ў адрас кіруючай партыі тэрміны атрымалі адразу шэсць чалавек. Кібердысідэнты ёсць таксама ў Іране і Саудаўскай Аравіі.

Яшчэ 11 краін – у тым ліку Тайланд, Малайзія, Іарданія і Лівія – не саджаюць блогераў за краты і не ўвялі татальную цэнзуру ў сетцы. Аднак, як паведамляе RSF, улады гэтых дзяржаў выкарыстоўваюць антытэрарыстычныя законы для кантролю за апазіцыйнымі сайтамі.

Нагадаем, што 12 сакавіка адзначаўся першы ў гісторыі Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце. Яго праводзіла праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" пад патранажам ЮНЭСКА.

Апошнія навіны