АГП атрымала больш за дзесятак адмоў у памяшканні для з'езду
- 13.03.2008, 9:11
Аб'яднанай грамадзянскай партыі пакуль не атрымалася дамовіцца наконт арэнды залы для правядзення з'езду 20 красавіка. На сёння ўжо атрыманыя больш за дзесятак адмоў ад розных устаноў Менска.
Сярод іх Рэспубліканскі культурна-асветніцкі цэнтр, Палац культуры ветэранаў, ДК ім. Н. Ф. Шарко («Беларускае таварыства глухіх»), бібліятэка ім. Я. Купалы, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (БДАТУ), Інстытут правазнаўства і іншыя, паведамляе прэс-служба АГП.
У якасці прычын адмовы называецца занятасць зал у дзень правядзення з'езду. Бібліятэка Я. Купалы матывавала адмову тым, што яе статутам «не прадугледжаная арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, звязаных з статутнай дзейнасцю грамадскіх аб'яднанняў, партый і іх арганізацыйных структур». Рэктар БДАТУ Мікалай Казаровец назаваць прычыну адмовы не палічыў патрэбным.
«На роўным месцы ствараюць праблемы, ідуць масавыя адмовы, – адзначыў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. – У нас нават тэхнічныя пытанні вырашаюцца на палітычным узроўні. Будзем звяртацца наўпрост да Лукашэнкі або праводзіць з'езд на Кастрычніцкай плошчы насупраць яго рэзідэнцыі».