Менскія аўтааматары праводзяць акцыю «Жывы шчыт» (Фота)
- 13.03.2008, 9:34
Хваля абурэння, выкліканая дзеяннямі супрацоўнікаў ДАІ і апраўданнем іх кіраўніцтва, вылілася сёння ў грамадзянскую акцыю «Жывы шчыт».
Шматлікія менскія аўтааматары выехалі сёння на дарогі, вывесіўшы чорныя і белыя стужачкі і знак "Жывы шчыт" на люстэрках і шкле сваіх аўто. Некаторыя прыляпілі на шкло аўтамабіля артыкул з газеты "Автобизнес" "Смяротнікі па волі ДАІ".
Абурэнне аўтамабілістаў выклікала агалоска здарэння 2 сакавіка, калі непадалёк ад Менска ў працэсе затрымання п'янага кіроўцы супрацоўнікі ДАІ перакрылі дарогу грамадзянскімі аўтамабілямі, у якіх знаходзіліся кіроўцы і пасажыры.
Інцыдэнт утойваўся цягам 10 дзён, інфармацыя пра яго з'явілася толькі ўчора. Міліцэйскае начальства, як водзіцца, пачало абвяргаць гэтае здарэнне. Пацярпелыя падчас гэтага інцыдэнту, тым часам, падалі заяву ў пракуратуру.

