BE RU EN

Кіраўніцтву ДАІ абвешчаная вымова

  • 13.03.2008, 10:49

Кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў абвясціў строгую вымову начальніку ДАІ краіны Аляксандру Мяндзелеву за інцыдэнт на трасе Мікашэвічы–Менск.

Акрамя таго, спагнанне атрымалі начальнікі ДАІ Менска і Менскай вобласці, начальнік ДАІ Кастрычніцкага раёна Менска, камандзіры двух батальёнаў ДАІ. Супрацоўнікі ДАІ, якія бралі ўдзел у аперацыі па затрыманні п'янага кіроўцы, адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў на перыяд прававой ацэнкі здарэння пракуратурай.

У гутарцы з карэспандэнтам "Інтэрфакса" міністр унутраных спраў У.Навумаў падкрэсліў, што "віна супрацоўнікаў ДАІ пры любым "раскладзе" відавочная, бо была створаная рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей". "Калі пракуратура прыме рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы – вінаватыя будуць несці крымінальную адказнасць, будзе прынятае іншае рашэнне – адказнасць будзе ў адпаведнасці з высновамі пракуратуры", – дадаў міністр.

"У любым выпадку МУС павінна прынесці выбачэнні пацярпелым", – падкрэсліў У.Навумаў.

Як раней паведамлялася, 2 сакавіка на трасе Мікашэвічы–Менск супрацоўнікі ДАІ спрабавалі спыніць п'янага кіроўцу, які ехаў з хуткасцю 160-180 км/ч з дапамогай загароды з аўтамабіляў прыватных асоб, у якіх знаходзіліся людзі.

Апошнія навіны