BE RU EN

У Беларусь едуць «дзеці» лейтэнанта Шмідта

  • 14.03.2008, 10:39

На гэтым тыдні Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з двума брытанскімі лордамі – Сесілем Паркінсанам і Цімаці Бэлам.

На сустрэчах брытанскія лорды заяўлялі, што гатовыя развіваць з Беларуссю як палітычныя, так і эканамічныя стасункі і нават інвеставаць у эканоміку краіны. Аляксандр Лукашэнка ж увесь час паўтараў, што стасункі Беларусі з Еўразвязам вось-вось наладзяцца, што праблем паміж нашай краінай і ЕЗ не існуе, вырашыўшы не згадваць пра 12 прапаноў, высунутых ЕЗ афіцыйным уладам, галоўная з якіх – вызваленне палітвязняў.

«Перспектывы нашых стасункаў з Еўразвязам не ляжаць у плоскасці Еўропа-Беларусь. Яны будуць залежаць ад таго, наколькі будзе Еўрапейскі Звяз больш ці менш самастойны ад ЗША ў плане стасункаў з Беларуссю», – сказаў Лукашэнка падчас сустрэчы з сябрам Палаты лордаў парламента Злучанага каралеўства і Паўночнай Ірландыі лордам Сесілам Паркінсанам.

«Думаю, вам будзе прыемна працаваць у нашай краіне, з той уладай, якая так гнаная - у Еўропе можа быць менш, а ў Амерыцы больш», - сказаў Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з сябрам Палаты лордам парламента Злучанага каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі прэзідэнтам кампаніі "Чайм Кам’юнікейшн" Цімаці Бэлам. Паводле яго слоў, «перш, чым вы станеце прыхільнікам нашай краіны і нашага народа мы, у першую чаргу, павінны вас упэўніць у тым, што Беларусь з'яўляецца еўрапейскай краінай».

Лорды ў адказ рабілі дзіўныя заявы. Напрыклад, Цімаці Бэл казаў чамусьці пра беларускі Інтэрнэт:

«Я паглядзеў вялікую колькасць інтэрнэт-рэсурсаў з інфармацыяй пра вашу краіну і ўбачыў там шмат двудушных і крывадушных каментараў. Трэба працаваць, каб гэта выправіць», – сказаў Ц.Бэл.

Паступіла таксама інфармацыя, што брытанскі лорд гатовы заняцца паляпшэннем іміджу беларускага рэжыму, які называюць «апошняй дыктатурай Еўропы» за рэпрэсіі супраць апазіцыі і наяўнасць палітвязняў.

Пракаментаваць візіты і заявы брытанцаў прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў былога намесніка міністра замежных спраў Беларусі, міжнароднага каардынатара Хартыі’97, сябра аргкамітэта грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэя Саннікава:

«Мабыць, справы ў эканоміцы Беларусі зусім дрэнныя, калі ўлады пачынаюць прымаць «дзяцей» лейтэнанта Шмідта на самым высокім узроўні. Замест таго, каб прыняць прапановы ЗША і Еўразвяза на зразумелых і пэўна сфармуляваных умовах, якія гарантуюць выхад Беларусі на новы ўзровень міжнародных стасункаў, улады пачынаюць звазіць незразумелых дзялкоў, якія хваляць наяўныя парадкі. Зразумела, што яны гэта робяць не бескарысліва, і аплачваюцца сумнеўныя паслугі, хутчэй за ўсё, з нашай кішэні. Мы бачылі, што час ад часу ўзнікаюць нібыта буйныя дзеячы з розных краін, ідуць гутаркі пра «найбуйнейшыя» праекты, а потым усё гэта аказваецца звычайным ашуканствам», – заявіў Саннікаў.

Апошнія навіны