BE RU EN

Улады Беларусі паскардзіліся ў ААН на Амерыку

  • 14.03.2008, 8:29

Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала ліст генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну, у якім апавясціла яго, што ЗША ўвялі санкцыі супраць кіраўніцтва краіны. Беларускія ўлады папярэджваюць, што іх крокі ў адказ «будуць насіць жорсткі характар». Нагадаем, што прычына ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый супраць беларускага рэжыму – утрыманне ў турмах Беларусі палітычных зняволеных.

Як паведамляе ў чацвер Служба навін ААН, нязменнае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН накіравала на імя генеральнага сакратара ліст, у якім просіць апублікаваць у якасці афіцыйнага дакумента Генеральнай Асамблеі ААН заяву МЗС Беларусі ў сувязі з увядзеннем ЗША "дадатковых абмежавальных мер эканамічнага характару" ў дачыненні канцэрна "Белнафтахім".

У заяве падкрэсліваецца, што ЗША, праігнараваўшы раней дасягнутыя з Беларуссю дамоўленасці, парушылі "ўзгоднены алгарытм дзеянняў па нармалізацыі стасункаў" і ўвялі дадатковыя абмежавальныя меры эканамічнага характару.

«Беларускі бок заяўляе, што крокі ў адказ, якія зробіць Беларусь, будуць насіць жорсткі характар. Пра характар гэтых крокаў амерыканскі бок быў раней апавешчаны намі ў папярэднім парадку», – заяўляе беларускі МЗС.

13 лістапада 2007 года адміністрацыя ЗША ўвяла санкцыі ў дачыненні беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». Амерыканскі Мінфін замарозіў змешчаныя пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскія рахункі канцэрна і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расеі і Кітаі, а таксама рахункі даччынай амерыканскай кампаніі Belneftekhim USA Inc.

7 сакавіка 2008 года Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы 50 і больш працэнтаў.

Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дочак.

У адказ улады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». Беларусь у гэтым звязку таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.

Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.

Апошнія навіны