Камісар ЕЗ: «Беларускія ўлады мусяць вызваліць усіх палітвязьняў і правесьці свабодныя выбары»
- 14.03.2008, 15:13
Польская штодзённая газета "Dziennik" друкуе інтэрвію з камісарам Эўразьвязу па вонкавых адносінах Бэнітай Фэрэра-Вальднэр. Яна пацьвярджае, што Эўразьвяз гатоў пачаць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, калі б беларускія ўлады вызвалілі ўсіх палітычных вязьняў і правялі свабодныя выбары.
Тады Беларусь магла б атрымаць вялікую фінансавую дапамогу ад Захаду. Гэта дало б ёй магчымасьць стаць больш незалежнай ад Расеі.
Камісар ЕЗ гаворыць, што беларуская апазыцыя робіць добрую працу. Але дзейнічае ў вельмі цяжкіх умовах, без магчымасьці данесьці свае ідэі людзям. А раздробленасьць апазыцыі – гэта таксама праява дэмакратыі, паведамляе "Польскае радыё".
Еўрапейскі Зьвяз адыходзіць ад палітыкі ізаляцыі Беларусі. "Наша мэта – поўнае партнэрства зь Беларусьсю. Мы хацелі б мець зь ёю такія адносіны, якія цяпер маем з Украінай, - гаворыць Фэрэра-Вальднэр. – Ёсьць толькі адна ўмова: улады павінны пайсьці ў напрамку дэмакратызацыі. Калі б улады вызвалілі палітвязьняў і правялі свабодныя выбары, Зьвяз мог бы адкрыць свой рынак для беларускіх тавараў, увесьці спрошчаныя візавыя працэдуры".
Па словах Бэніты Фэрэра-Вальднэр, Эўрапейскі Зьвяз таксама рэгулярна дыскутуе з расейцамі на тэму Беларусі. Але погляды ЕЗ й Расеі моцна адрозьніваюцца. Пакуль што не ўдалося знайсьці супольны пункт гледжаньня.