BE RU EN

Васіль Даўгалёў: «Я не магу сказаць, якой стане цана на газ з другога квартала»

  • 17.03.2008, 12:04

На пасяджэнні савета міністраў “саюзнай дзяржавы”, якое мае адбыцца 21 сакавіка ў Менску, плануюць разгледзець больш за 20 пытанняў. Сярод іх – пытанне цаны на газ. Пра гэта паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БелТА Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Расейскай Федэрацыі Васіль Даўгалёў.

У дачыненні паставак расейскага газу ў Беларусь з другога квартала 2008 года, Васіль Даўгалёў сказаў: "Цана на газ вызначаецца па формуле, якая запісаная ў кантракце. Пакуль ніхто ў ім нічога не мяняў. Я не магу сказаць, якой стане цана на газ з другога квартала, – застанецца яна такой жа ці не. Гэтым пытаннем займаецца "Белтрансгаз". Але я не бачу перашкод, з прычыны якіх гэтая тэма магла б стаць для нас праблемнай у 2008 годзе", – падкрэсліў амбасадар.

На думку амбасадара, цяпер праблема ў тым, што "ў нас бракуе тавараў для экспарту ў Расею". Краіна-саюзніца бурна развіваецца, таму практычна на ўсе тавары, якія Беларусь вырабляе, ёсць попыт. "Пытанне ў тым, каб задаволіць гэты попыт". "Усё, што прадае Беларусь, – тэхніку, іншыя нехарчовыя тавары, – Расея бярэ і можа ўзяць яшчэ больш. Галоўнае, вырабляць трэба больш і больш якасна, каб прадукцыя была канкурэнтаздольнейшай", – падкрэсліў дыпламат.

Пры гэтым Васіль Даўгалёў прызнаў, што ў гандлі Беларусі і Расеі ёсць праблемы па вызначаных групах тавараў. "Па цукру ў нас ідзе канкурэнтная вайна. Больш сур'ёзна трэба займацца беларускаму боку і па кандытарскіх вырабах", – лічыць амбасадар.

Апошнія навіны