BE RU EN

Выпадак з «жывым шчытом» – не першы?

  • 17.03.2008, 12:16

Выпадак з усталяваннем «жывых шчытоў» на трасе Менск–Мікашэвічы – не першы, сцвярджае праваабаронца, былы следчы пракуратуры Алег Воўчак. «Гэты выпадак у маёй практыцы не першы, на жаль. Калі працаваў у пракуратуры, я ўжо расследаваў аналагічныя справы», – заяўляе Воўчак.

«Тое, што пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні супрацоўнікаў міліцыі, якія спынялі парушальніка грамадзянскімі аўтамабілямі, за перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, я лічу правільным. Па законе "Аб міліцыі" ў іх няма правоў для такіх дзеянняў. Я лічу, што міліцыя павінна была як мінімум папрасіць прабачэння перад людзьмі, і менавіта ў гэтыя ж дні. А не тады, калі ўся гэтая гісторыя атрымала агалоску», – сказаў Алег Воўчак у інтэрв'ю газеце «Товарищ».

Аднак, на думку праваабаронцы, да адказнасці павінен быць прыцягнуты не толькі шэраг радавых супрацоўнікаў, якія непасрэдна праводзілі гэтую аперацыю, але і вышэйшае кіраўніцтва МУС. Аж да міністра Уладзіміра Навумава.

«Як следчы пракуратуры, я расцэньваю дзеянні міліцыі яшчэ і артыкулам "Халатнасць выканання службовых абавязкаў". Бо такія выпадкі ўжо былі! Напрыклад, справа, якой я займаўся, – расследаванне смерці людзей на Нямізе ў 1999 годзе. Бо ўсе казалі, што тады быў вінаваты раптоўны дождж. Насамрэч, у тым выпадку выразна праглядаліся няправільныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Яны няправільна правялі рэкагнасцыроўку мясцовасці, няправільна выставілі пасты, няправільна размеркавалі сілы… У выніку менавіта гэта прывяло да трагедыі», – гаворыць Воўчак.

Вышэйшае кіраўніцтва ДАІ і МУС проста абавязанае было рэгулярна праводзіць нейкія прафілактычныя заняткі з сваімі супрацоўнікамі, тлумачыць, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі так, каб не ствараць пагрозы для жыцця людзей, лічыць праваабаронца.

«Аднак у дадзеным выпадку дзеянні супрацоўнікаў ДАІ сведчаць пра тое, што яны проста разгубіліся. Яны не ведалі, што рабіць. І пайшлі па самым простым шляху, стварыўшы "пробку" на дарозе, нават не папярэдзіўшы людзей пра небяспеку. Пад крымінальную адказнасць павінны патрапіць і тыя людзі, якія кіравалі аперацыяй па затрыманні парушальніка. Ён уцякаў ад пагоні цягам 40 хвілін! Бо павінен быў быць створаны нейкі аператыўны штаб па ім пайманню, хтосьці павінен быў каардынаваць дзеянні супрацоўнікаў ДАІ на трасе, па якой ён рухаўся, хтосьці павінен быў кіраваць аперацыяй. І гэтага кіраўніка трэба прыцягваць да адказнасці», – упэўнены Воўчак.

Праваабаронца адзначае, што дагэтуль не вырашанае пытанне пра тое, хто павінен кампенсаваць значная матэрыяльная шкоды кіроўцам машын "жывога шчыта". У першую чаргу, вядома, ДАІ павінна прынесці выбачэнні за дзейнасць сваіх супрацоўнікаў. У другую – несці матэрыяльную адказнасць, вырашыць пытанне матэрыяльнага характару.

«Тая пазіцыя, якую мы бачым цяпер – дасканалая і поўная адмова ад кампенсавання, непрызнанне сваёй віны… Яна абернецца іншым бокам. Кожны пацярпелы кіроўца мае права звярнуцца ў суд за кампенсаваннем маральнай і матэрыяльнай шкоды. І суму шкоды ён ацэніць сам. У гэтым выпадку, ДАІ і МУС страцяць значна больш. Бо маральная шкода лічыцца пацярпелым. З трагедыяй на Нямізе мы ацэньвалі гэтую шкоду ў раёне 50. 000 даляраў. У дадзеным выпадку, шкода можа быць ацэненая ў 20-30 тысяч даляраў. Кожнага – не толькі кіроўцы, але і пасажыраў, жыццё якіх было падвергнутае небяспецы. У нармальнай дзяржаве пасля такіх падзей кіраўніцтва МУС і ДАІ сыходзіць у адстаўку. Што я і заклікаю зрабіць Уладзіміра Навумава. Больш за тое, я хачу яго заклікаць проста паставіць свечку ў царкве. Тое, што ніхто не загінуў – гэта цуд. І толькі Бог выратаваў гэтых людзей, Ён сачыў за тым, каб яны засталіся жывыя…» – гаворыць Воўчак.

Апошнія навіны