Партыя БНФ заклікае ўніверсітэты света спыніць супрацу з беларускімі вну
- 17.03.2008, 13:24
Сойм Партыі БНФ зьвярнуўся да ўрадавых структураў і прыватных фондаў дэмакратычных краінаў сьвету, структураў Эўрапейскага Зьвязу, эўрапейскіх ўнівэрсытэтаў з заклікам неадкладна спыніць або прынамсі прыпыніць дачыненьні з унівэрсытэтамі ў Беларусі, якія выключаюць студэнтаў за палітычныя погляды.
Заява Сойму Партыі БНФ
Толькі за апошнія месяцы з палітычных прычынаў, але паводле надуманых абвінавачаньняў з унівэрсытэтаў былі выключаныя актывісты Партыі БНФ: Зьміцер Жалезьнічэнка (Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Франак Вячорка (БДУ, факультэт журналістыкі), Юрась Чаранкоў (Мазырскі дзяржаўны ўнівэрсытэт), Антон Каліноўскі (Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт), Ігар Пажарыцкі (Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія), іншыя сябры БНФ і дэмакратычных моладзевых згуртаваньняў.
Бальшыня гэтых унівэрсытэтаў карыстаецца міжнароднаю падтрымкаю. Так, ГДУ мае партнэрскую праграму з Францыяй, фінансаваную фондам Erasmus Эўрапейскае камісіі; журфак БДУ мае аналягічную праграму з Швэцыяй, фінанасаваную дзяржаўным агенцтвам SIDA. Рэктары, дэканы, выкладчыкі, якія тут удзельнічаюць у рэпрэсіях супраць дэмакратычных студэнтаў, езьдзяць у дэмакратычныя краіны, дзе выступаюць, чытаюць лекцыі, атрымліваюць ганарары. Гэта пярэчыць правілам эўрапейскай акадэмічнай супольнасьці, маральным прынцыпам, выхоўвае двудушнасьць у студэнтаў, пераконвае паслугачоў рэжыму з прафэсарскімі дыплёмамі ў беспакаранасьці.
Партыя БНФ лічыць такое становішча непрымальным і заклікае ўсе ўрадавыя структуры й прыватныя фонды дэмакратычных краінаў сьвету, структуры Эўрапейскага Зьвязу, эўрапейскія ўнівэрсытэты неадкладна спыніць або прынамсі прыпыніць дачыненьні з унівэрсытэтамі ў Беларусі, якія заплямілі сябе ганебнымі палітычнымі рэпрэсіямі.
Рэктары, дэканы, выкладчыкі, іншыя службовыя асобы, якія непасрэдна выступаюць арганізатарамі й выканаўцамі рэпрэсіяў, павінны апынуцца ў чорным сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд у Эўрапейскі Зьвяз і ЗША.