BE RU EN

Польшча патрабуе вызвалення палітвязняў у Беларусі (Фота)

  • 18.03.2008, 9:58

Праблемы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі абмеркавалі 17 сакавіка на сустрэчы ў Варшаве прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле паведамлення канцылярыі прэм'ер-міністра, Дональд Туск і Аляксандр Мілінкевіч абмеркавалі перспектывы далучэння Беларусі да Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Бакі закранулі таксама пытанні ўвядзення «карты паляка».

Закраналася падчас сустрэчы і пытанне вызвалення палітвязняў. «Пазіцыя польскага ўрада не змянілася. Ніякіх перамоваў з беларускімі ўладамі не можа быць, пакуль за кратамі будзе знаходзіцца хаця б адзін палітвязень», – паведаміў лідэр руху «За Свабоду» пасля сустрэчы.

Напярэдадні прэс-служба А.Мілінкевіча паведаміла, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца пашырэнне польскіх праграм па падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, пытанне паніжэння кошту і спрашчэння працэдуры атрымання шэнгенскіх віз, магчымасці супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы малога і сярэдняга бізнэсу, трансмежныя кантакты.

Апошнія навіны