Лявон Баршчэўскі: «25 сакавіка а 18-й зьбіраемся на плошчы Якуба Коласа»
- 18.03.2008, 12:00
«25 сакавіка а 18-й зьбіраемся на плошчы Якуба Коласа», -- заявіў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі падчас прэзэнтацыі кнігі ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога», што прайшла ў панядзелак увечары на менскай сядзібе БНФ.
«Менскія гарадзкія ўлады пакуль не далі адказу заяўнікам акцыі на Дзень Волі, -- адзначыў Баршчэўскі, -- таму зьбіраемся а 18‑й на Плошчы Якуба Коласа. (...) Пажадана будзе мець хаця б тры гвазьдзікі: белы, чырвоны і белы».
Нагадаем, што сёлета правядзеньне акцыі на Дзень Волі плянуецца па новым маршруце. Збор а 18:00 на плошчы Якуба Коласа, шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Валадарскага, Гарадзкі Вал, канчатковым пунктам мусіць стаць помнік Максіму Багдановічу, што ля опэры. Цягам акцыі арганізатары плянуюць ускласьці кветкі да помнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча і Максіма Багдановіча.
Заяўнікамі вулічнай акцыі выступілі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч, нагадвае “Наша Ніва”.
Адпаведная заяўка была пададзена ў Менгарвыканкам 6 лютага.