Толькі за месяц адмоўнае сальда гандлю з Расеяй павялічылася ў 3,4 разы
- 18.03.2008, 15:30
Шакуючыя дадзеныя гандлю з Расеяй апублікавала беларускае Міністэрства статыстыкі і аналізу.
У студзені гэтага года адмоўнае сальда склала 1 млрд. 26,8 млн. даляраў супраць 302,5 млн. даляраў у студзені мінулага года. Такім чынам, мінусовы баланс павялічыўся ў 3,4 разы.
Агульнае знешнегандлёвае сальда склала ў студзені мінус 123,8 млн. даляраў. Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю сталі экспартна-імпартныя аперацыі з энергетычнымі таварамі. За студзень на знешні рынак іх пастаўлена на 1 млрд. 51,4 млн. даляраў, або ў тры разу больш, чым за студзень мінулага года. Імпарт энергетычных тавараў склаў 1 млрд. 315,9 млн. даляраў і ўзрос у 2,8 разоў. Сальда знешняга гандлю энерганосьбітамі склалася адмоўнае ў аб'ёме 264,5 млн. даляраў і ў параўнанні з паказчыкам студзеня 2007 года павялічылася ў 2,1 разоў, паведамляе «Салідарнасць».
Рост адмоўнага сальда знешняга гандлю энергетычнымі таварамі абумоўлены перавышэннем прыросту вартаснага аб'ёму імпарту нафты над экспартам нафтапрадуктаў (на 47,3 млн. даляраў) і павелічэннем вартаснага аб'ёму паставак прыроднага газу (на 71,4 млн. даляраў).