BE RU EN

Свабодныя краіны салідарныя з Беларуссю

  • 19.03.2008, 8:36

30 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”. У канцэрце прымуць удзел як беларускія, так і польскія зоркі року і поп-музыкі, якія выканаюць вядомыя ў сваіх краінах хіты ў новых, двухмоўных аранжыроўках.

“Хочам, каб беларусы ведалі пра гэты канцэрт і пра тое, што мы, палякі, неабыякавы да таго, што адвываецца ў нашых суседаў - беларусаў” , - сказалі арганізатары.

У гэтым годзе канцэрт пройдзе пад лозунгам: беларуская мова – мова беларусаў. Галоўная задача арганізатараў канцэрта – звярнуць увагу на праблему занядбання беларускай мовы: закрыццё беларускамоўных газетаў, беларускамоўных школаў, панаванне расійскай мовы ў афіцыйнай палітыцы і СМІ. Таму 30 сакавіка Варшава загаворыць па-беларуску!

Канцэрт будзе транслявацца ў жывым эфіры незалежнага тэлеканала “Белсат”, а таксама “Еўрапейскага радыё для Беларусі” і “Радыё Рацыя”.

Гэта ўжо трэці канцэрт “Салідарныя з Беларуссю”. У 2006 годзе канцэрт быў своеасаблівай падтрымкай для беларускай апазіцыі перад прэзідэнцкімі выбарамі, а ў 2007 годзе палякі дэманстравалі сваю салідарнасць з беларусамі 25-га сакавіка – у Дзень Волі. Штогод канцэрты збіраюць некалькі тысячаў чалавек, неабыякавых да Беларусі.

Аўтар ідэі канцэрту - ініцыятыва “Вольная Беларусь”. Гэта арганізацыя, якая гуртуе вакол сябе маладых людзей, зацікаўленых у дэмакратычных пераменах у Эўропе. Гэтая група спантанна паўстала падчас украінскай рэвалюцыі, арганізуючы пікеты і маніфестацыі падтрымкі для прэзідэнта Юшчанкі ў Польшчы, а потым удзельнічаючы ў Польскай Місіі Назіральнікаў у Харкаўскім рэгіёне падчас паўторнага 2-га туру прэзідэнцкіх выбараў. Ад канца 2005 годa галоўным кірункам дзейнасці Ініцыятывы з'яўляецца падтрымка беларускай апазіцыі. Акрамя штогадовых канцэртаў, таварыства рэалізуе праекты дапамогі беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Апошнія навіны