BE RU EN

Чавесу адправілі беларускія бетонамяшалкі

  • 19.03.2008, 16:01

Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) паставіць у Венесуэлу 123 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі.

Як паведамілі БелаПАН у Агенцтве дзелавых сувязяў з спасылкай на кіраванне маркетынгу МЗКЦ, 17 сакавіка была адгружаная чарговая партыя тэхнікі – 11 самаскідаў і шэсць аўтабетоназмешвальнікаў.

У рамках падпісаных у канцы снежня мінулага года пагадненняў на вышэйшым дзяржаўным узроўні паміж Беларуссю і Венесуэлай МЗКЦ абавязаўся паставіць у першым квартале 2008 года 123 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі на 12,5 млн. даляраў ЗША.

Усяго кантрактам прадугледжаная пастаўка 88 самаскідаў з колавай формулай 8х4 грузападымальнасцю 25 тон, дзевяці аўтатопалівазапраўшчыкаў, сямі аўтацыстэрн, 15 аўтабетоназмешвальнікаў, двух аўтамабільных кранаў грузападымальнасцю 50 тон і двух седлавых цягачоў з колавай формулай 8х8.

Па стане на 17 сакавіка адгружаныя 55 самаскідаў, сем аўтапалівазапраўшчыкаў, сем аўтацыстэрн і дзевяць аўтабетоназмешвальнікаў, што складае больш за 63% поўнага аб'ёму кантракту.

Па словах спецыялістаў МЗКЦ, замацаванне ў лацінаамерыканскім рэгіёне дазволіць прадпрыемству дыверсіфікаваць рынкі збыту, што ў сярэднетэрміновай перспектыве знізіць збытавыя рызыкі.

Апошнія навіны