Удзельнікі галадоўкі пратэсту выйдуць на Кастрычніцкую плошчу
- 20.03.2008, 9:34
У Менску 20 сакавіка а 18 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу выйдуць дэмакратычныя актывісты, якія абвясцілі галадоўку пратэсту. Яны патрабуюць вызвалення Аляксандра Казуліна і іншых палітвязняў.
Ініцыятарам акцыі выступіла грамадская актывістка Таццяна Ваніна. «Я прапанавала, каб тыя людзі, якія далучыліся да галадоўкі, і тыя, хто іх падтрымлівае, выйшлі на плошчу з партрэтамі людзей, якіх мы патрабуем вызваліць з турмаў, – сказала яна прэс-службе АГП. – І з таблічкамі: «Я аб'яўляю галадоўку» — тыя, хто яе пачаў. Да галадоўкі, нават чыста сімвалічнай (напрыклад, цягам сутак) можна далучыцца прама на плошчы. І тым самым выявіць маральную салідарнасць з палітвязнямі».
Па словах Таццяны Ванінай, 20 сакавіка – вельмі сімвалічная дата. У гэты дзень два гады таму на плошчы было створанае намётавае мястэчка, абаронцы якога пратэставалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Яна адзначыла, што менавіта ў сувязі з гэтымі падзеямі Аляксандр Казулін быў схоплены і кінуты ў турму. Ён 25 сакавіка 2006 года разам з іншымі актывістамі ішоў на Акрэсціна, каб падтрымаць арыштаваных удзельнікаў беларускага Майдана.
З 20 сакавіка Таццяна Ваніна пачынае галадоўку. Нагадаем, першымі 10 сакавіка абвясцілі галадоўку з патрабаваннем вызвалення Аляксандра Казуліна былы палітвязень Сяргей Скрабец і яго брат Аляксандр Скрабец.
Па словах Таццяны Ванінай, удзельнікі эстафетнай галадоўкі пратэсту да 25 сакавіка маюць намер выходзіць на Кастрычніцкую плошчу ў 18.00 кожны вечар.