BE RU EN

МАП: Беларусі не вернуць прэферэнцыі ЕЗ

  • 20.03.2008, 17:21

Адміністрацыйная рада Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заклікае беларускі ўрад гарантаваць свабоду дзейнасці арганізацыям працоўных і наймальнікаў.

Пра гэта БелаПАН паведаміў дырэктар Міжнароднага бюро працы (МБТ) МАП Кары Тапіола ў выніках разгляду беларускага пытання 19 сакавіка на 301-ай сесіі Адміністрацыйнай рады МАП у Жэневе.

Паводле яго слоў, падчас пасяджэнняў экспертаў па беларускім пытанні была заслуханая справаздача міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Уладзіміра Патупчыка аб выкананні ўрадам краіны рэкамендацый МАП. У прыватнасці, у дакладзе гаварылася, што праект закона аб прафсаюзах яшчэ не прадстаўлены ў «парламент», а выкананне беларускім урадам рэкамендацый МАП хутка абмяркуе Нацыянальны савета па працоўных і сацыяльных пытаннях Беларусі. У.Патупчык таксама паінфармаваў экспертаў, што семінар па пытанні дыскрымінацыі прафсаюзаў будзе арганізаваны пазней. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі МАП, усе прафсаюзы і арганізацыі наймальнікаў краіны.

К.Тапіола адзначыў, што Адміністрацыйная рада прыняла да ўвагі як афіцыйны даклад, так і заявы працоўных, у якіх паведамляецца пра прыгнёт прадстаўнікоў свабодных прафсаюзаў і парушэнні іх правоў.

"Адміністрацыйная рада глыбока шкадуе, што з лістапада 2007 года беларускі ўрад не дасягнуў прагрэсу ў выкананні рэкамендацый спецыяльнай камісіі МАП", – адзначыў К.Тапіола. Паводле яго слоў, ёсць вялікая верагоднасць таго, што беларуская сітуацыя будзе і далей абмяркоўвацца экспертамі МАП.

Як раней паведамляў БелаПАН, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП у сувязі з скаргай незалежных прафсаюзаў прыняла рашэнне аб пачатку расследавання беларускага пытання. Спецыяльная камісія аналізавала захаванне ўрадам рэспублікі канвенцый МАП "Аб свабодзе аб'яднання і абароне права на арганізацыю ў прафсаюзы" і "Аб праве на арганізацыю ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў". Сітуацыя ў Беларусі разглядалася таксама на пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах МАП у рамках 95-ай Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе. У выніку 8 чэрвеня 2007 года Беларусь пятым разам была занесеная ў спецпараграф дакладу Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.

За парушэнні правоў прафсаюзаў у чэрвені 2007 года Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўразвяза.

Апошнія навіны