У Зьмітра Касьпяровіча -- гіпэртанічны крыз
- 20.03.2008, 15:02
У пакаранага 12 суткамі арышту дэмакратычнага актывіста Зьмітра Касьпяровіча канстатавалі гіпэртанічны крыз.
Як паведамляе "Наша ніва", сёньня юнака перавялі ў турэмны шпіталь. У яго абвастрыліся праблемы са здароўем: мэдыкі канстатавалі гіпэртанічны крыз, а на заўтра яму прызначылі абсьледваньне, якое датычыць хваробы сьпіны. «Пачуваюся сярэдне» – акрэсьліў свой цяперашні стан Зьміцер.
Нагадаем, 17 сакавіка судзьдзя Савецкага раёну Менска Аксана Рэлява пакарала былога палітвязьня Зьмітра Касьпяровіча 12 суткамі арышту. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён быццам бы лаяўся матам на супрацоўнікаў ДАІ. Пратакол быў складзены па артыкуле 17 частка 1 Адміністрацыйнага кодэксу «дробнае хуліганства».
Касьпяровіча затрымалі ў суботу, пры вобшуку ў яго машыне быў знойдзены вялікі наклад налепак. Зьмітра затрымлівалі дзьве машыны ДАІ, а таксама адна з АМАПам.