Ярмошына: «Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у выбарах, пакуль будуць сілы»
- 20.03.2008, 16:22
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына схільная да таго, што Аляксандр Лукашэнка ў 2011 годзе скарыстаецца «правам» балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы.
"Думаю, ён (А.Лукашэнка – ІФ) скарыстаецца гэтым правам. Пакуль яго будзе падтрымліваць народ, пакуль у яго самога будуць сілы для гэтай вельмі нялёгкай працы, ён будзе ўдзельнічаць у выбарах", – заявіў кіраўнік беларускага ЦВК у інтэрв'ю штотыднёвіку "Обозреватель", які выйдзе ў пятніцу 21 сакавіка.
Пры гэтым Ярмошына нагадала, што раней у Канстытуцыі Беларусі было прапісанае, што "на пасаду прэзідэнта нельга балатавацца пасля двух тэрмінаў знаходжання ва ўлады. Запар або не запар – значэння не мела", – удакладніла кіраўніца ЦВК. "Але ў 2004 годзе шляхам «народнага» рэферэндуму гэтае абмежаванне выключанае і дзейны кіраўнік дзяржавы можа балатавацца і надалей", – адзначыла Л.Ярмошына.