Расея павялічвае экспартную пошліну на нафту
- 20.03.2008, 16:39
Расея з 1 красавіка павялічвае экспартную пошліну на нафту да $340,1 за тону. Такое рашэнне зацвердзіў урад РФ.
Новая велічыня пошліны ўсталюе чарговы рэкорд. Цяпер яе памер складае $333,8 за тону, паведамілі карэспандэнту БелТА ў прэс-службе Кабінета Міністраў.
Экспартная пошліна на светлыя нафтапрадукты з 1 красавіка будзе ўсталяваная на ўзроўні $241,4 за тону, на цёмныя – $130,1 за тону. Цяпер яны складаюць $237,2 і $127,8 адпаведна.
Згодна з беларуска-расейскімі дамоўленасцямі пошліна на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расеі, ў гэтым годзе разлічваецца з ужываннем каэфіцыента 0,335. Такім чынам, з 1 красавіка яна складзе для Беларусі $113,9. У лютым–сакавіку пры пастаўках нафты спаганяецца пошліна $111,8 за тону.
Пошліны на экспарт нафты і нафтапрадуктаў з Расеі пераглядаюцца ўрадам раз у два месяцы па спецыяльнай формуле на падставе маніторынгу цаны на расейскую нафту маркі Urals на сусветных рынках. Чарговае падвышэнне экспартнай пошліны абумоўленае ростам сусветных цэн на нафту, які працягваецца.