Лукашэнка паскардзіўся Расеі на праблемы ў сувязі з санкцыямі ЗША
- 21.03.2008, 13:43
«Я хацеў бы распавесці вам пра праблемы, наяўныя ў нашым знешнім гандлі, асабліва ў сувязі з пазіцыяй кіраўніцтва ЗША», – сказаў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з старшынёй урада Расеі Віктарам Зубковым.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзеянні амерыканскіх улад у гэтай сітуацыі з'яўляюцца «грубым парушэннем міжнародных дамоў».
«Тым не менш эканамічнае становішча ў Беларусі абсалютна нармальнае, наш таваразварот дынамічна расце, і ён дыверсіфікаваны – то бок, паспяхова развіваюцца гандлёвыя стасункі як з Расеяй, так і з ЕЗ і іншымі краінамі», – адзначыў ён.
Запэўненні Лукашэнка аспрэчвае статыстыка. Сукупны знешні доўг Беларусі толькі на 1 студзеня 2008 года склаў $12,719 млрд, павялічыўшыся за 2007 год на 87,4% (на $5,932 млрд).
Нагадаем, што 7 сакавіка ўлады Беларусі рэкамендавалі амбасадару ЗША пакінуць краіну ў сувязі з санкцыямі Дзярждэпартамента ў дачыненні «Белнафтахіма». Міністэрства фінансаў ЗША, растлумачыўшы ўведзеныя ўвосень 2007 года санкцыі супраць канцэрна «Белнафтахім», фактычна пашырыла іх ужыванне ў дачыненні ўсіх беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу з доляй дзяржавы 50% і больш працэнтаў. Да публікацыі гэтага тлумачэння санкцыі закранулі толькі прадстаўніцтвы канцэрна і шэраг яго замежных дачок.
12 сакавіка Злучаныя Штаты прынялі рашэнне адклікаць амбасадарку Карэн Сцюарт для "кароткачасовых кансультацый". Беларусь таксама адклікала ў Менск амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова для кансультацый.
Прычына ўвядзення санкцый з боку ЗША – адмова ўлад Беларусі вызваліць палітвязняў. Сёння ў зняволенні знаходзяцца экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы лідэр Андрэй Кім і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.
Белы дом назваў рашэнне ўлад Беларусі выправадзіць амбасадара ЗША ў Беларусі неабгрунтаваным і заявіў, што гэта можа прывесці да далейшай ізаляцыі краіны ў свеце. У заяве казалася, што дзеянні Менска "яшчэ больш дыстанцуюць Беларусь ад Еўропы і астатняга свету".