BE RU EN

Партыя БНФ заклікае ўкладчыкаў байкатаваць «Райффайзен-банк»

  • 22.03.2008, 13:42

Партыя БНФ заклікае ўкладчыкаў "Райффайзен-банка" разарваць з ім стасункі і забраць свае ўкладанні з гэтага банка. Пра гэта паведаміў старшыня партыі Лявон Баршчэўскі.

Паводле яго слоў, гэта выкліканае заявамі Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрв'ю Аўстрыйскаму агенцтву прэсы (АПА) 20 сакавіка. "Дэмакратыя ў Беларусі такая самая, як і ў Аўстрыі, амаль адзін да аднаго", – сказаў кіраўнік дзяржавы. "Так чаго ж яшчэ бракуе ў дэмакратычным партрэце Беларусі? Што яшчэ трэба Еўропе ад Беларусі?" – задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы.

"У гэты ж дзень, 20 сакавіка, у Гомелі быў арыштаваны адзін з лідэраў Партыі БНФ Андрэй Цянюта. У сувязі з гэтым я выказваю сваё здзіўленне, чаму аўстрыйскі ўрад не рэагуе на заяву Лукашэнкі, што ў Беларусі дэмакратыя на ўзроўні аўстрыйскай. Мы не разумеем, чаму аўстрыйскі "Райффайзен-банк" фактычна фінансуе рэпрэсіўны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. І у сувязі з гэтым я заяўляю, што мы будзем ініцыяваць зварот да ўсіх еўрапейскіх укладчыкаў "Райффайзен-банка" забіраць свае ўкладанні, і перакладаць іх у іншыя банкі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя Беларусі", – сказаў Л.Баршчэўскі.

Як сказаў Л.Баршчэўскі, з прапановай аналагічнага звароту партыя звернецца да ўсіх суб'ектаў, якія ўваходзяць у кааліцыю Аб'яднаных дэмакратычных сілаў (АДС). "Таксама праз партнёрскія арганізацыі, праз еўрапейскую прэсу звернемся да грамадзян Аўстрыі, каб яны задалі пытанне свайму ўраду: чаму ён дапамагае існаванню ў Беларусі рэпрэсіўнага рэжыму і дазваляе Лукашэнку заяўляць, што гэта робіцца па прынцыпе аўстрыйскіх парадкаў", – сказаў Л.Баршчэўскі.

Палітык спадзяецца, што яго ініцыятыву падтрымаюць як яго аднапартыйцы, калегі па АДС і "ўсе грамадзяне еўрапейскіх краін, для якіх слова "дэмакратыя" і "свабода" не пусты гук".

Як заявіў Л.Баршчэўскі, з гэтай заявай партыя звернецца да грамадскіх арганізацый Еўропы, да партнёрскіх арганізацый, і да еўрапейскай прэсы.

Апошнія навіны