БТ супраць ФБР (Відэа)
- 24.03.2008, 16:04
Беларускае тэлебачанне сцвярджае, што амбасада ЗША ў Менску з нагоды барацьбы з тэрарызмам арганізавала шпіёнскую сетку сярод беларускіх грамадзян.
Як гаварылася ва ўчорашнім сюжэце БТ, амбасада ЗША ў Менску стварыла ў структуры свайго офіса групу выяўлення, у склад якой уваходзілі каля 10 чалавек. Задачай групы нібыта з'яўляўся збор і перадача амерыканскаму боку па заданні ФБР звестак для выкарыстання іх у шкоду Беларусі.
Паводле дадзеных тэлеканала, інфармацыя перадавалася куратару – кадраваму супрацоўніку ФБР, які з'яўляўся дыпламатам амбасады ЗША.
Супрацоўнікі БТ сцвярджаюць, што група была забяспечаная спецабсталяваннем – фотаапаратамі, біноклямі, відэакамерамі і тэлефонамі. Яна нібыта павінна была пад выглядам абывацеляў у мэтах канспірацыі фіксаваць усё, што ўяўляе цікавасць для службы бяспекі ЗША.
Як сцвярджае БТ, сябрам групы было забароненае наведваць амбасаду і кантактаваць з яе супрацоўнікамі за выключэннем куратара. Для групы нібыта была абсталяваная канспіратыўная кватэра ў паўкіламетра ад амбасады. Групу выявілі 13 сакавіка пры праверцы дакументаў амаль у поўным складзе ў канспіратыўнай кватэры, перадае «Інтэрфакс» са спасылкай на беларускае ТБ.
Афіцыйнага каментара з нагоды здарэння з боку амерыканскай амбасады пакуль няма.