Беларусы вывелі «Манрэаль Канадыенс» у Кубак Стэнлі
- 25.03.2008, 9:14
Сёньня ўначы манрэальскі клюб перайграў «Атаву Сэнатарз» зь лікам 7:5 (3:0, 4:1, 0:4), і за пяць тураў да фінішу рэгулярнага чэмпіянату гарантаваў сабе пуцёўку у Кубак Стэнлі. Някепскі падарунак беларускім заўзятарам да Дня волі.
Паказальна, што трое беларусаў паўдзельнічалі ў перамозе квэбэкскай каманды. Андрэй Касьціцын адкрыў лік ужо на другой хвіліне сустрэчы, ён жа закінуў трэцюю шайбу сваёй каманды. Шостую шайбу 24‑разовага ўладальніка Кубку Стэнлі закінуў Міхаіл Грабоўскі, а асыставаў яму Сяргей Касьціцын, паведамляе “Наша Ніва”.
«Манрэаль Канадыенс» працягвае трымаць першае месца ва Ўсходняй канфэрэнцыі, маючы на рахунку 96 балаў. Клюбу засталося правесьці пяць гульняў: па два матчы з "Бафала Сэйбрз" і "Таронта Мэйпл Ліфз", а таксама яшчэ адзін матч з "Атавай".
Наступны матч -- 28 сакавіка.
Рэгулярны сэзон сканчаецца 5 красавіка. Праз тыдзень пасьля гэтага стартуе плэй-оф найпрэстыжнага Кубку Стэнлі.
Працягваецца змагацца за месца ў плэй-оф "Каларада Эвэланш", за які выступае Руслан Салей. Сёньня "лавіны" перамаглі "Калгары Флэймз" зь лікам 2:0. У "Каларада" цяпер на рахунку 86 пунктаў, восьмае месца ў Заходняй канфэрэнцыі. Клюб на тры пункты апярэджвае "Эдмантан", што займае 9-е месца.
26 сакавіка "Каларада" згуляе з "Ванкувэр Кэнакс".