Барацьба за мільярды Патаркацішвілі ў Менску
- 25.03.2008, 12:24
Сёння, 25 сакавіка, у расейскай газеце "Коммерсант" былі апублікаваныя новыя падрабязнасці скандалу, звязанага з падзелам маёмасці грузінскага бізнэсмэна і палітыка Бадры (Аркадзія) Патаркацішвілі, памер якой ацэньваўся часопісам Forbes у 19 мільярдаў даляраў ЗША.
Напярэдадні ў Менск, па даручэнні Джозафа Кея (Іосіфа Какалішвілі), які прыходзіўся Патаркацішвілі зводным стрыечным братам, прыбыў разам з асабістым сакратаром адвакат Эмануіл Зельцар. Мэтай паездкі было ўрэгуляванне пытанняў, звязаных з беларускімі актывамі Патаркацішвілі – лесаперапрацоўчымі і машынабудаўнічымі прадпрыемствамі.
Нагадаем, што Джозаф Кей заяўляе пра сабе, як пра галоўнага спадчынніка Бадры Патаркацішвілі, аднак яго прэтэнзіі на мільярды памерлага алігарха аспрэчваюцца сваякамі нябожчыка.
Паводле сцвярджэнні Джозафа Кея, Патаркацішвілі зрабіў яго спадчыннікам усіх сваіх актываў. У якасці доказу ён прыводзіць завяшчанне, а таксама даверанасць на кіраванне актывамі, у сапраўднасці якіх сумняваюцца іншыя сваякі Патаркацішвілі.
На мінулым тыдні Барыс Беразоўскі, сябар і партнёр Патаркацішвілі, у інтэрв'ю грузінскаму тэлеканалу "Руставі 2" распавёў, што Бадры "не звяртаў увагі" на Джозафа Кея. Беразоўскі выказваў сумненні ў законнасці паўнамоцтваў Кея. Тым не менш, Беразоўскі даў свой асабісты самалёт адвакату Зельцару для палёту ў Менск.
Як піша "Коммерсант", перад паездкай у Менск Эмануіл Зельцар прыбыў у Лондан, дзе спрабаваў весці перамовы з кіраўніцтвам фонду Salford у Лондане (кіраўнікам актывамі Бадры Патаркацішвілі) і Барысам Беразоўскім. Гэтая спроба ні да чаго не прывяла, і тады Зельцар заказаў чартар у Менск. Але экіпаж зафрахтаванага самалёта адмовіўся ад палёту, спаслаўшыся на складаныя метэаўмовы.
У інтэрв'ю "Коммесранту" Барыс Беразоўскі так растлумачыў сваё рашэнне даць асабісты самалёт Зельцару: "Цягнуць было нельга. На 11 гадзіну раніцы ў яго ўжо была прызначаная сустрэча. Напярэдадні я меў стасункі з спадаром Зельцарам у сувязі з гэтай паездкай і проста заявіў, што лічу яго ашуканцам. Але пры гэтым я таксама сказаў яму, што калі ты лічыш, што ўсе дакументы ў цябе ў парадку, то едзь у Беларусь і даказвай гэта. Разам з імі на просьбу Іны Гудавадзэ (удавы Б.Патаркацішвілі) паляцеў і адзін з бліжэйшых сяброў Бадры Патаркацішвілі Анатоль Моткін".
Эмануіл Зельцар і Анатоль Моткін былі затрыманыя супрацоўнікамі беларускага КДБ ля трапа самалёта. Моткіна неўзабаве адпусцілі, а Зельцар па стане на вечар 24 сакавіка заставаўся пад арыштам.
“Коммерсант” піша, што ў лютым, пасля смерці Патаркацішвілі, адвакат Мішэль Дункан, якая прадстаўляла інтарэсы Іны Гудавадзэ і Барыса Беразоўскага, разаслала ўладам розных краін, у тым ліку і Беларусі, лісты-папярэджанні. У іх апавядалася пра тое, што ўласнасцю Бадры Патаркацішвілі спрабуюць завалодаць ашуканцы. Пазней, па словах спадара Беразоўскага, аналагічныя лісты разаслаў і цяперашні адвакат удавы лорд Голдсміт.
Марк Зельцар, брат адваката Эмануіла Зельцара, лічыць, што за арыштам яго сваяка ў Менску стаіць Барыс Беразоўскі. Ён сцвярджае, што Зельцара ўтрымліваюць у Менску "ў якасці сапраўднага заложніка”.