Паводле дадзеных праваабаронцаў, падчас дэманстрацыі ў Менску затрыманыя больш як 100 чалавек
- 25.03.2008, 19:21
Як паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронцы, падчас жорсткага разгону АМАПам акцыі, прысвечанай святкаванню 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, у Менску былі затрыманыя больш як 100 чалавек.
У раёне плошчы Якуба Коласа і плошчы Перамогі супрацоўнікі АМАПу падзялілі людзей на невялікія групы і, жорстка збіваючы, запіхвалі іх у аўтобусы. Побач з месцам, дзе стаялі аўтобусы, валяліся курткі, шалікі, пальчаткі і паламаныя тронкі. Запіхваючы ў аўтобусы, людзей збівалі, нягледзячы на пол і ўзрост, у тым ліку пажылых жанчын і дзяўчат, якія крычалі і прасілі дапамогі. Больш за ўсё даставалася моладзі, асабліва тым, у каго ў руках былі сцягі – бел-чырвона-белыя і Еўразвяза. Пры гэтым амапаўцы з асобай нянавісцю ламалі тронкі сцягоў і тапталі нацыянальныя і еўрапейскія сцягі.