BE RU EN

Сёння ў Менску судзяць каля 100 удзельнікаў дэманстрацыі ў Дзень Волі

  • 26.03.2008, 11:38

Суды над удзельнікамі жорстка разагнанай міліцыяй акцыі ў Дзень Волі праходзяць сёння ў Цэнтральным, Савецкім, Партызанскім, Ленінскім і Маскоўскім судах Менска. Праваабаронцы заяўляюць, што ўчора былі затрыманыя каля 100 дэманстрантаў.

У ГУУС Менгарвыканкама сёння паведамілі, што адміністрацыйныя пратаколы на затрыманых складзеныя за непадпарадкаванне і супраціў супрацоўнікам міліцыі падчас несанкцыянаванай акцыі.

Там таксама паведамілі, што «сёння будуць вырашаныя пытанні, датычныя прыцягнення да адказнасці заяўнікаў акцыі, якая прайшла ў мінулы аўторак у Менску». «Гэтае пытанне будзе вырашанае сумесна з пракуратурай Менска», – паведамілі ў ГУУС.

Пракаментаваць заявы ГУУС Менгарвыканкама прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў вядомага праваабаронцу Уладзіміра Лабковіча:

«Калі ўчорашні жорсткі разгон удзельнікаў мірнай дэманстрацыі разглядаць з пункту гледжання беларускага заканадаўства, то, безумоўна, мелі месца пазапраўныя, злачынныя дзеянні міліцыі, бо ўжыванне спецсродкаў і фізічнай сілы неправамернае з пункту гледжання «Закона Рэспублікі Беларусі аб органах унутраных спраў». Заява ГУУС пра тое, што ўдзельнікі будуць прыцягвацца за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі абсурднае, бо па гэтым артыкуле адміністрацыйнага кодэкса не прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Па гэтым артыкуле людзі не павінны ўтрымлівацца пад вартай больш як тры гадзіны. Таму ўсіх будуць судзіць альбо за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве альбо па артыкуле «дробнае хуліганства», які цяпер цынічна практыкуецца ўладамі. Але, увогуле, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і збіванне мірных дэманстрантаў паказвае, што беларускія ўлады цалкам ігнаруюць патрабаванні міжнароднай супольнасці і працягваюць палітыку прыгнечання дэмакратычных працэсаў у краіне».

Апошнія навіны