BE RU EN

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная Беларусі, адбудзецца ў Вене

  • 26.03.2008, 14:41

З 27 па 29 сакавіка ў Вене адбудзецца Міжнародная канферэнцыя "Беларусь у Еўропе: эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог", арганізаваная Інстытутам Дунайскага рэгіёна і Цэнтральнай Еўропы (Вена) і Інстытутам імя Карла Рэннера (Вена).

Канферэнцыя па тэматыцы разбітая на некалькі блокаў, паведамляе «БДГ».

Секцыю "Беларусь: аналізы і сцэнары" прадставяць арганізатары мерапрыемства, прадстаўнікі МЗС Аўстрыі, Венскага ўніверсітэта, а таксама Ханнес Свабода, адзін з дэпутатаў Еўрапарламента, які ініцыяваў збор подпісаў за паніжэнне памеру кошту шэнгенскіх віз для беларусаў.

З дакладамі на секцыі "Беларусь: погляд звонку" выступяць рэктар ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў, аўстрыйскі назіральнік ад АБСЕ Марцін Росман, кіраўнік Інстытута глабалізацыйных даследаванняў (Масква) Міхаіл Дзелягін, а таксама прафесара венскіх універсітэтаў, прадстаўнікі Харкаўскага ўніверсітэта, Інстытута міжнародных стасункаў (Вільня).

На секцыі "Беларусь: погляд знутры" будуць абмяркоўвацца пытанні эканамічнага развіцця краіны, развіцця палітычных эліт, грамадзянскай супольнасці, а таксама пытанні пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС. Да ўдзелу ў ёй запрошаныя кіраўнік аналітычнага цэнтра "ЭКООМ" Сяргей Мусіенка, рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Шымаў, кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка, кіраўнік цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук, старшыня ўпраўлення "Белросбанка" Ігар Кацібнікаў. Акрамя таго, чакаецца ўдзел кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, старшыні Нацыянальнай камісіі па радыяцыйнай абароне Беларусі прафесара Якава Кенігсберга.

Апошнія навіны