BE RU EN

25 сакавіка ўлады зрабілі ўсё, каб знішчыць «Белнафтахім»

  • 27.03.2008, 8:38

«У Дзень Волі ўлады зрабілі ўсё для таго, каб знішчыць «Белнафтахім» і прымусіць Еўропу выпрацаваць больш жорсткую лінію паводзінаў па дачыненні да беларускай дыктатуры», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каментуючы разгон 25 сакавіка мірнай дэманстрацыі апазіцыі.

«Збіванне дэманстрантаў 25 сакавіка – гэта было не проста зверства, а зверства, якое пераследавала пэўную мэту. Атрымліваецца, што гэтай мэтай было паказаць усяму свету, што рэжым Лукашэнкі безнадзейны, што ён не здольны ні на якія рухі ў бок дэмакратызацыі. У аўторак збівалі людзей, якія проста хацелі пакланіцца народным паэтам Беларусі Янку Купале, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, ускласці кветкі да іх помнікаў. Пра гэта арганізатары заяўлялі задоўга да дэманстрацыі і абавязаліся захоўваць святочны дух акцыі падчас Дня Волі. Але міністр унутраных спраў Навумаў выбраў менавіта гэты дзень для таго, каб прадэманстраваць, на якія зверствы здольныя яго падапечныя», – адзначыў Андрэй Саннікаў.

Па словах дыпламата, дзеянні амапаўцаў імгненна перакрэслілі намаганні ўсіх людзей, як ва ўладзе, так і ў апазіцыі, якія спрабавалі думаць пра дзяржаву, пра народ, пра краіну, а не пра задавальненні ўласнай ганарыстасці і рэалізацыі дробных комплексаў.

«Цягам даволі працяглага часу апазіцыя цярпліва прапаноўвала ўладам знайсці хоць нейкія кропкі судотыку для таго, каб выратаваць краіну, абараніць незалежнасць Беларусі, уключыцца ў сусветныя працэсы раўнапраўным партнёрам. Варта прызнаць, што некаторыя дзеянні ўлад, у прыватнасці, МЗСа таксама можна было расцаніць як спробы пошуку згоды ў грамадстве і аднаўлення ролі Беларусі на міжнароднай арэне. Аднак усё гэта скончылася трагічна 25 сакавіка 2008 года. І сёння на любых семінарах, канферэнцыях, сустрэчах, якія арганізуюць афіцыйныя беларускія прадстаўнікі для таго, каб паспрабаваць палепшыць імідж краіны, падвысіць яе інвестыцыйную прывабнасць можна ілюстрацыямі развешваць фатаграфіі рэальных, а не ўяўных дзеянняў улад Беларусі. Скрываўленыя асобы моладзі, сытыя і нахабныя асобы людзей у чорным – менавіта з гэтым так ці інакш давядзецца сутыкнуцца любым заходнім бізнэсмэнам, якія захочуць паспрабаваць папрацаваць з Беларуссю», – упэўнены сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Андрэй Саннікаў упэўнены, што падзеі 25 сакавіка толькі ўмацуюць салідарнасць дэмакратычных сілаў Беларусі, узмацняць падтрымку з боку міжнароднай грамадскасці працэсам дэмакратызацыі ў Беларусі.

«Беларусь убачыла сваіх герояў, маладых людзей, якія ахвяруюць сабою дзеля сваёй краіны і ніколі не здадуцца і не падпарадкуюцца. І ніякі БРСМ, у які зганяюць моладзь сілай, не зможа супрацьстаяць гэтай мужнасці. Свет салідарны з Беларуссю і не раз гэта дэманстраваў. Рэакцыя на збіванне мірных дэманстрантаў у Менску не прымусіць сябе чакаць. У адрозненне ад Беларусі ў Еўропе ўрад прыслухваецца да голасу грамадскасці і павінен будзе рэагаваць на тыя патрабаванні, якія ўжо сёння гучаць ад арганізацый у розных краінах Еўропы і ў ЗША, якія назіраюць за сітуацыяй у Беларусі і рэагуюць на ўсе падзеі, якія ў нас адбываюцца. 25 сакавіка ўлады зрабілі ўсё для таго, каб знішчыць «Белнафтахім» і прымусіць Еўропу выпрацаваць больш жорсткую лінію паводзінаў па дачыненні да беларускай дыктатуры», – лічыць дыпламат.

Апошнія навіны