BE RU EN

Ператрусы ў журналістаў працягваюцца

  • 28.03.2008, 13:02

Сёння адбыліся ператрусы ў кватэрах незалежных журналістаў у Магілёўскай вобласці.

Па звестках службы маніторынгу БАЖ, толькі што ў Горках супрацоўнікі КДБ закончылі дагляд рэчаў у кватэры рэдактара недзяржаўных маланакладных газет «Узгорак» і «Выбор», сябра БАЖ Эдуарда Брокарава. Таксама ператрус адбыўся ў жыллі незалежнага журналіста Ігара Сімбірова ў Асіповічах.

У Э. Брокарава сілавікі забралі сістэмны блок ад камп’ютара і асобнікі недзяржаўных газет. На пытанне журналіста, калі яму вернуць адабраныя рэчы, прагучаў адказ, што «цягам 3 месяцаў будзе прынятае рашэнне аб правядзенні экспертызы».

З кватэры І. Сімбірова забралі «для экспертызы зместу» ўсе наяўныя асобнікі недзяржаўных выданняў.

Нагадаем, што ўчора прайшлі ператрусы па ўсей краіне ў журналістаў "Еўрапейскага радыё", "Радыя Рацыя", тэлекампаніі "Белсат".

Ператрусы праводзяцца на падставе «Даручэння» намесніка пракурора г. Мінска Аляксея Стука першаму намесніку старшыні КДБ генерал-маёру Вегеры В.П. (Даведка: Генерал-маёр Віктар Паўлавіч Вегера – першы намеснік Старшыні КДБ РБ па контрвыведвальнай дзейнасці).

27 сакавіка сп. Стук пацвердзіў Радыё «Свабода», што сапраўды даў такое даручэнне. У дакуменце пералічаныя прозвішчы людзей, якія, па аператыўных звестках, нібыта з’яўляюцца супрацоўнікамі тэлеканалу «Белсат». У спісе 17 чалавек: Мельнікаў, Гатоўчыц, Баршчэўскі, Сцяпанава, Суднік, Вараб’ёў, Карпенка, Аршынскі, Васількоў, Брокараў, Шобін, Чухно, Дэх, Белы, Бучэк, Шчапёткіна, Аляксандраў. Ад рукі ў «Даручэнні» дапісана, што ператрусы трэба правесці таксама ў «іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак».

27 і 28 сакавіка ператрусы былі праведзеныя амаль ва ўсіх асобаў, пералічных у спісе, за выключэннем Вараб’ёва, Карпенкі і Дэха. (Пра першых двух журналістах БАЖ інфармацыі не атрымліваў. Пра сп-ра Дэха вядома, што спецслужбы спрабавалі трапіць у яго кватэру і наведвалі дом яго бацькоў у Брэсце, аднак, паколькі журналіста няма ў Беларусі, ператрусу не адбылося).

Між тым, як вядома, ператрусы закранулі значна шырэйшае кола журналістаў: гэта супрацоўнікі «Радыё Рацыя», «Еўрапейскага радыё для Беларусі», гродзенскія офісы ГА «Бацькаўшына» і Партыі БНФ. Сітуацыю праясніў каментар начальніцы ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыі Ваньшынай. Яна падкрэсліла, што ўсе журналісты і рэдакцыі, у якіх быў праведзены ператрус, працавалі ў Беларусі без акрэдытацыі.

Трое журналістаў былі дапытаныя КДБ ўчора ў якасці сведак па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзідэніта — Юлія Коцкая (Мінск), Андрэй Шобін (Бабруйск) і Алена Сцяпанава (Віцебск). Гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц быў выкліканы ў КДБ сёння.

Па словах Юліі Коцкай, А. Сцяпанавай і А. Шобіна, у іх пыталіся, што яны ведаюць пра палітычныя мультфільмы «Трэцяга шляху» і пра тэлеканал «Белсат». З Анатоля Гатоўчыца сёння ўзялі падпіску аб неразгалошванні, і таму ён паведаміў толькі, што ўсе пытанні былі звязаныя з яго журналісцкай дзейнасцю.

Такім чынам, на сённяшні дзень ператрусы праведзеныя ў прыватных памяшканнях 15-і журналістаў і некалькіх офісах. Усяго за 27–28 сакавіка (з улікам журналістаў, якія знаходзіліся ў офісах, дзе ладзіліся ператрусы, і былі часова затрыманыя ці падвергліся іншаму ўціску з боку сілавікоў) пацярпелі больш за 25 прадстаўнікоў прэсы.

Апошнія навіны