Амбасадар Расеі: «Расейскі бізнэс можа актыўна прыйсці ў Беларусь»
- 3.03.2008, 8:29
У сувязі з выбарамі прэзідэнта Расеі, учора на пытаньні беларускіх журналістаў адказаў амбасадар Расеі Аляксандр Сурыкаў.
Амбасадар Расеі сказаў, што галасаваў за пераемнасьць у палітыцы. На пытаньне карэспандэнта “Радыё Свабода”, ці будзе Расея спрыяць дэмакратызацыі Беларусі і вызваленьню палітвязьня Аляксандра Казуліна, спадар Сурыкаў адказаў:
“Расея займае больш узважаную палітыку. Мы ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы дзяржаваў. Бо хтосьці кваліфікуе частку зьняволеных як палітычных, нехта як крымінальных. Мы лічым, што гэта ўнутраная справа дзяржавы, разьбірацца ўнутры сябе. І лезьці ў гэта, напэўна, не хацелася б. Іншае пытаньне – дапамагаць станаўленьню партыйнай сыстэмы ў Беларусі. Гэта пэўна трэба. Гэта больш дэмакратычныя дзеяньні”, -- адказаў Сурыкаў.
Амбасадар Сурыкаў, адказваючы на пытаньні журналістаў таксама сказаў, што расейскі бізнэс можа актыўна пайсьці на беларускае эканамічнае поле. Але для гэтага павінны быць створаныя пэўныя ўмовы. Сярод якіх зьмякчэньне дзеяньня “залатой акцыі”, скасаваньне адміністрацыйных бар’ераў, паніжэньне падаткаабкладаньня.