Праз наркотыкі выбіўся з графіка цягнік «Кіеў – Менск»
- 31.03.2008, 12:44
Супрацоўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Украіны знайшлі 4 пакеты з марыхуанай агульнай вагай 800 грамаў у двух пасажыраў, грамадзян Беларусі, якія ехалі ў цягніку "Кіеў – Менск".
Падчас памежна-мытнага афармлення на верхнюю вопратку пасажыраў аднаго з купэ 5-га вагона характэрна адрэагаваў службовы сабака. Натрэніраваная на пошук наркотыкаў жывёліна дала падставы памежнікам праверыць пасажыраў, паведамляе АМІ "Навіны-Украіна".
Як высветлілася, двое грамадзян Беларусі (24-гадовы мужчына і 22-гадовая жанчына) у кішэнях куртак перавозілі 4 пакеты з марыхуанай агульнай вагай 800 грамаў.
Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні. Абодва пасажыры былі знятыя з цягніка.
У сувязі з інцыдэнтам цягнік "Кіеў – Менск" больш як на гадзіну затрымаўся ў памежным пункце пропуску "Гарнастаеўка".