Сацыяльную рэкламу ў Беларусі адправяць у Інтэрнэт?
- 4.03.2008, 11:38
На ТБ для такіх ролікаў бракуе месца, і сацыяльная рэклама можа перавандраваць у Інтэрнэт.
Тэлегледачы не лянуюцца сядзець перад экранамі з секундамерамі і даказваць, што рэкламны блок у законныя чатыры хвіліны не ўкладваецца. Пастаянныя скаргі прымусілі Мінгандль распрацаваць рэкамендацыі для тэлеканалаў. Напрыклад, службоўцы прапаноўваюць анонсы (кіно, праграм і інш.) і рэкламу ставіць асобна, каб фільм або перадача не перарываліся доўгімі паўзамі.
Яшчэ адна праблема – сацыяльная рэклама. Пасля таго як па новым законе тэлеканалам давялося скараціць час рэкламных ролікаў, яго стала бракаваць на сацыяльную рэкламу. Бо калі часта замяняць рэкламу гарбаты або парашка напамінкам «патэлефанаваць бацькам», тэлеканалу свецяць страты.
– Трэба проста не зацыкляцца на адным тэлебачанні. Інтэрнэт – выдатная магчымасць зрабіць сацыяльную рэкламу больш эфектыўнай, – падзялілася ідэяй з KP.BY начальнік кіравання абароны правоў спажыўцоў і кантролю над рэкламай Мінгандлю Ірына БАРЫШНІКАВА. – Бо моладзь цяпер вельмі шмат часу праводзіць у сетцы. Можна зрабіць актыўныя спасылкі на рэкламныя ролікі з цікавымі матэрыяламі на сацыяльную тэматыку. Лепш параіцца з дасведчанымі правайдэрамі. Упэўненая, у іх будзе маса ідэй.
Міжведамасны савет па рэкламе прапанаваў таксама забараніць выкарыстанне ў сацыяльнай рэкламе непаўналетніх дзяцей у небяспечных месцах і сітуацыях. Бо тактыка шоку і страху часта ўспрымаецца негатыўна.
Крытыкуюць беларусы і гарадскія шчыты з сацыяльнай рэкламай.
– Хіба гэта нармальна, – абураецца Ірына Мікалаеўна, – што плакаты з тэкстам «Квітней, Беларусь!» размешчаныя на фоне могілкаў або закінутага будынка? Трэба ж больш прадумана выбіраць месца рэкламы.