Хто адкажа за знішчаныя сцягі Еўразвяза?
- 4.03.2008, 14:55
Партызанскі раённы суд Менска адмовіўся прыняць да разгляду скаргу дэмакратычнага актывіста Змітра Бародкі ў сувязі з знішчэннем супрацоўнікамі міліцыі прыналежных яму 100 сцягоў Еўразвяза.
У адказе, падпісаным старшынёй суду П.І.Каршуновічам, паведамляецца, што «дадзенае пытанне знаходзіцца па-за юрысдыкцыяй суду». У гэтым звязку суд прапаноўвае для ўзбуджэння справы па гэтым факце звярнуцца ў пракуратуру.
Зміцер Бародка лічыць адмову суду прыняць да разгляду справы па факце знішчэння сімволікі Еўразвяза пазапраўнай.
«Я маю намер абскардзіць дадзенае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях, бо лічу яго неправамоцным. Я меў права, як грамадзянін, звярнуцца ў суд без умяшання пракуратуры. Урэшце, я хачу ведаць праўду, на якой падставе была знішчаная мая ўласнасць, і хто за гэта панясе пакаранне. Я бачу ў рашэнні суду палітычную падаплёку. Відавочна, што суддзі не хочуць звязвацца з гэтай справай. Мне незразумелая такая пазіцыя ўлад. З аднаго боку яны збіраюцца наладзіць дыялог з Еўрапейскім Звязам, з другога – здзяйсняецца сапраўдны акт вандалізму над еўрапейскай сімволікай», – заявіў Зміцер Бародка ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Нагадаем, 100 сцягоў Еўрапейскага Звязу былі канфіскаваныя ў кастрычніку мінулага года напярэдадні Еўрапейскага Марша з кватэры сябра Змітра Бародкі, актывіста апазіцыі Леаніда Навіцкага. І Зміцер Бародка, і Леанід Навіцкі былі арыштаваныя і правялі 15 сутак у спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.
У студзені на сваю скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі дэмакратычны актывіст атрымаў адказ за подпісам намесніка начальніка УУС Партызанскага раёна Менска А.С Гайдукевіча, у якім паведамлялася, што сцягі Еўразвяза былі знішчаныя.