BE RU EN

«Газпром» абмяжоўвае пастаўкі газу Украіне яшчэ на 25 %

  • 4.03.2008, 15:35

"Газпром" у аўторак увечары абмяжуе пастаўкі газу Украіне з прычыны даўгоў яшчэ на 25 працэнтаў у дадатак да 25-працэнтнага абмежавання, уведзенага раніцай у панядзелак. Як перадае РІА "Новости", пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік холдынгу Сяргей Купрыянаў.

"Адбылося пасяджэнне аператыўнага штаба. У сувязі з адсутнасцю прагрэсу ў перамовах і кантрактаў на закупы газу па ўжо пастаўленых аб'ёмах прынятае рашэнне абмежаваць пастаўкі яшчэ на 25 працэнтаў з 20.00 4 сакавіка", – сказаў Купрыянаў.

Ён зноў падкрэсліў, што холдынг гатовы да працягнення перамоваў з украінскім бокам, і паведаміў, што Украіна працягвае цалкам забяспечваць транзіт газу з Расеі ў Еўропу.

Як сцвярджаюць у "Газпроме", Украіна дагэтуль цалкам не адплацілася за пастаўкі 2007 года і з пачатку 2008 года працягвае неаформленае спажыванне паліва. Манапаліст-экспарцёр "Росукрэнерго" і манапаліст-імпарцёр "Укргаз-Энерго" – пасярэднікі, задзейнічаныя ў цяперашнім ланцужку паставак газу на Украіну – раней заявілі, што на іх, у адрозненне ад украінскага дзяржаўнага "Нафтогаза", скарачэнне падачы газу не адаб'ецца.

Як паведаміў напярэдадні Купрыянаў, у панядзелак пастаўкі газу былі скарочаныя на 24 мільёны кубаметраў у суткі. Між іншым прэс-сакратар "Нафтогаза Украіны" Валянцін Зямлянскі паведаміў, што пастаўкі скараціліся на 30 мільёнаў кубаметраў у суткі. "У 9 гадзін 34 хвіліны па Кіеве прыйшла тэлеграма ад "Укртрансгаза" аб скарачэнні паставак", – сказаў ён.

Нягледзячы на дзеянні "Газпрома" ўкраінскі бок не павінен пагаршаць рознагалоссі на перамовах з Расеяй аб пагашэнні доўгу за спажыты газ, заявіў напярэдадні прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай і спікерам Арсеніем Яцанюком.

"Сёння галоўным з'яўляецца вядзенне максімальна дынамічнага перамоўнага працэсу з мэтай іх паспяховага завяршэння, і ні ў якім разе не правакаванне "газавай вайны", – сказаў Юшчанка.

Апошнія навіны