BE RU EN

Лукашэнка адмяніў «залатую акцыю»

  • 4.03.2008, 15:50

У Беларусі адмяняецца інстытут адмысловага права дзяржавы («залатой акцыі») на ўдзел у кіраванні гаспадарчымі таварыствамі.

Адпаведны ўказ № 144 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 сакавіка.

У каментары прэс-службы Лукашэнкі гаворыцца, што «адмова ад гэтай нормы будзе спрыяць стварэнню спрыяльных умоў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый у рэальны сектар эканомікі Беларусі і дасягненню ў 2008 годзе прагнозных параметраў эканамічнага росту, а таксама падвышэнню рэйтынгу Беларусі на міжнародным узроўні і абароне правоў інвестараў на рынку каштоўных папер».

Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.

Як раней паведамлялася, у Беларусі адмысловае права – «залатая акцыя» – ужывалася, як правіла, у выпадку нявыплаты ў поўным аб'ёме зарплаты працаўнікам цягам трох месяцаў запар, нездавальняючай структуры бухгалтарскага балансу гаставарыства цягам шасці месяцаў, а таксама для абароны правоў і свабодаў грамадзян, гарантавання абароны і бяспекі дзяржавы, захавання яго эканамічных інтарэсаў.

«Залатая акцыя» дзяржавы на ўдзел у кіраванні гаспадарчымі таварыствамі магла ўводзіцца ў суб'ектах, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, а таксама шляхам рэарганізацыі гаспадарчых таварыстваў, якія былі створаныя ў працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі. Гэта значыць, нават там, дзе ўжо не засталося долі дзяржавы.

Дзеянне права «залатой акцыі» ў Беларусі неаднаразова падвяргалася крытыцы з боку міжнародных фінансавых інстытутаў і з'яўляецца адной з асноўных перашкод для прыцягнення замежных інвестыцый.

Апошнія навіны