BE RU EN

Падаражэў газ на аўтазапраўках

  • 5.03.2008, 15:10

Цана на кампрымаваны (сціснуты) прыродны газ для запраўкі транспартных сродкаў у Беларусі з 5 сакавіка павялічваецца на 13,9%. Адпаведнае рашэнне змешчанае ў пастанове Міністэрства эканомікі №48.

Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, адпускная цана на прыродны паліўны кампрымаваны газ, які адпускаецца ААТ "Белтрансгаз" спажыўцам рэспублікі для запраўкі транспартных сродкаў, з 5 сакавіка павялічаная да 780 рублёў за 1 куб.м без уліку ПДВ. Ранейшая цана складала 685 рублёў за 1 куб.м і дзейнічала з красавіка 2007 года, паведамляе БелаПАН.

У Мінэканомікі растлумачылі, што падвышэнне цаны абумоўленае падаражаннем у гэтым годзе імпартаванага з Расеі прыроднага газу.

У Беларусі дзейнічаюць 25 аўтамабільных газанапалняльных кампрэсарных станцый (АГНКС) ААТ "Белтрансгаз". Магутнасць наяўнай сеткі АГНКС дазваляе штогод рэалізоўваць 165 млн.куб.м кампрымаванага прыроднага газу, або штосутачна запраўляць больш як 9 тыс. аўтамабіляў.

Апошнія навіны