BE RU EN

Украіна атрымала перамогу ў газавай спрэчцы з Расеяй

  • 6.03.2008, 10:47

Прыпыненне газавага канфлікту паміж Расеяй і Украінай і аднаўленне паставак газу "Нафтогазу" ў поўным аб'ёме расейская дзелавая газета "Коммерсант" ацаніла як перамогу Украіны. Спасылаючыся на свае крыніцы ва ўрадзе Украіны, выданне адзначае, што афіцыйны Кіеў не пайшоў на ніякія саступкі, акрамя таго, што пагадзіўся працягваць перамовы і далей.

"Коммерсант" паведамляе, што газ, пастаўлены з 1 студзеня па 1 сакавіка 2008 года, будзе аформлены па той самай схеме, што і ў 2007 годзе, то бок, з удзелам пасярэднікаў RosUkrEnergo і "Укргаз-Энерго". Аднак гэта нельга лічыць саступкай "Газпрому", бо раней прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка заяўляла, што "Укргаз-Энерго" будзе выключаны з газавых кантрактаў толькі з 1 сакавіка.

"Коммерсант" называе паніжэнне паставак газу ва Украіну і аднаўленне іх у поўным аб'ёме ўжо праз два дні "першым правалам" знешняй палітыкі "Газпрома", бо дагэтуль жорсткія абмежавальныя меры прыводзілі да саступак з боку пакупнікоў газу. Выданне таксама зважае, што "Нафтогаз" не спяшаецца пачынаць новыя перамовы – паводле дадзеных крыніцы "Коммерсанта", яны пройдуць толькі на пачатку наступнага тыдня.

Нагадаем, што 3 і 4 сакавіка "Газпром" скараціў пастаўкі газу ва Украіну на 50 працэнтаў. У адказ "Нафтогаз Украіны" заявіў, што можа пачаць забіраць паліва, якое праз тэрыторыю краіны транзітам ідзе ў Еўропу. Пасля гэтага "Газпром" абвясціў пра аднаўленне паставак у поўным аб'ёме.

Рашэнне расейскай кампаніі скараціць аб'ёмы паставак было выкліканае нібыта эканамічнымі меркаваннямі. Аднак характэрна, што "Нафтогаз Украіны" расплаціўся за паліва, пастаўленае ў 2007 годзе, яшчэ ў лютым, то бок, да пачатку газавага канфлікту. А за 2008 год ён заплаціць не можа, бо паміж украінскай кампаніяй і "Газпромам" не падпісанае пагадненне, падпісанне якога раней тармазіў "Газпром".

12 лютага прэзідэнты Расеі і Украіны Уладзімір Пуцін і Віктар Юшчанка дамовіліся, што з газавых кантрактаў паміж краінамі будуць выключаныя пасярэднікі "Укргаз-Энерго" і RosUkrEnergo. Меркавалася, што іх месца зоймуць два сумесныя прадпрыемствы "Газпрома" і "Нафтогаза", адно з якіх будзе пастаўляць газ канчатковым спажыўцам ва Украіне.

Апошнія навіны