BE RU EN

Дэлегацыя Савета дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь–ЕЗ» у Менску

  • 6.03.2008, 15:22

5–7 сакавіка 2008 года ў Беларусі з візітам знаходзіцца дэлегацыя Савета дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь–ЕЗ».

Пра гэта паведаміў сёння прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу ў Менску.

Паводле яго слоў, у склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі кіравання Каралеўскага банка Шатландыі, ABN AMRO, буйных брытанскіх кампаній і юрыдычных агенцтваў. У рамках візіту запланаваныя сустрэчы з віцэ-прэм'ерамі Беларусі У.Сямашкам і А.Кабяковым, кіраўніцтвам Нацбанку, канцэрна «Белнафтахім», Беларускай калійнай кампаніі, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, прадстаўнікамі дзелавых колаў і страхавых кампаній Беларусі, перадае АФН.

Папоў адзначыў, што падчас сустрэчы дэлегацыя Савета абмяркуе з прадстаўнікамі беларускага боку сумесныя крокі па нарошчванні экспарту беларускіх тавараў на рынак Еўрапейскага Звязу, магчымасці супрацоўніцтва ў банкаўскай і страхавой сферах.

Варта нагадаць, што Савет быў створаны ў траўні 2007 года з ініцыятывы беларускага боку і шэрагу буйных еўрапейскіх кампаній.

Дадзеная некамерцыйная, падкрэсліваецца ў паведамленні, арганізацыя ставіць сваёй асноўнай мэтай аказанне садзейнічання беларускаму боку ў развіцці супрацоўніцтва з Еўрапейскім звязам. Савет будзе спрыяць фармаванню ўстойлівых эканамічных сувязяў паміж прадпрыемствамі Беларусі і дзяржаў-сябраў ЕЗ, прыцягненню ў Беларусь знешняга фінансавання на рэалізацыю сур'ёзных інвестыцыйных праектаў.

Апошнія навіны